Век ’жыццё, вечнасць, час і да т. п.’ Ст.-рус. вѣкъ ’тс’, рус. век, укр. вік, польск. wiek, чэш. věk, ст.-слав. вѣкъ, балг. век, серб. ве̑к і г. д. Прасл. *věkъ ’век, жыццё, вечнасць і г. д.’ (з даўняга *voi̯kos, а гэта аблаутная форма да і.-е. *u̯ei̯k‑ ’сіла, выяўляць сілу’, літ. viẽkas ’сіла, жывучасць, жыццё’, veĩkti ’штосьці рабіць, працаваць’, véikus ’хуткі’, vỹkis ’жыццё, жывасць’, vikrùs ’бадзёры’, лац. vincere ’перамагаць’, ст.-ісл. veig ’сіла, моцнасць’, vīg ’барацьба’, гоц. weihan, ст.-в.-ням. wīgan ’змагацца’. Сюды прасл. *věčьnъ ’вечны’ (ст.-рус. вѣчьныи, бел. ве́чны, рус. ве́чный, укр. ві́чний, польск. wieczny, чэш. věčný, ст.-слав. вѣчьнъ, балг. ве́чен, серб. ве̏чан і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 286.
Ве́ка ’века; павека’. Ст.-рус., ст.-слав. вѣко ’павека’, рус. ве́ко ’павека; розныя віды кошыкаў; вобад сіта або рэшата’, укр. ві́ко ’накрыўка скрыні, дзяжы і да т. п.’; ’павека’, польск. wieko ’накрыўка’, чэш. víko ’тс’, славен. véko, véka ’павека’. Прасл. *věko ’века; павека’ (< *vēko). Роднасныя: літ. vókas ’павека; накрыўка’, лат. vâks ’накрыўка’ (балт. словы адлюстроўваюць старое *vāk‑; параўнальна з слав. формамі тут іншы вакалізм, але чаргаванне ē : ā назіраецца і ў іншых выпадках). Магчыма таксама, што балт. мовы захоўваюць стары вакалізм, а слав. *věko (замест *vako) развілося пад уплывам слав. *vědi̯a ’павека’ (ст.-рус. вѣжа, ст.-слав. вѣжда ’тс’, балг. ве́жда, серб. ве̏ђа ’брыво’). Гл. Траўтман, 347–348; Фасмер, 1, 286. З прэфіксам *po‑ ўтворана слав. *po‑věka ’павека’, з прэфіксам *ob‑ — *ob‑věko (> *oběko + розныя суфіксы) ’абечайка’ (гл.).
Векаві́сты, векуі́сты ’вечны’ (Шн.). Запазычанне з польск. wiekuisty ’тс’ (да wiek ’век’; гл. Брукнер, 615). У бел. помніках слова векуистый вядома з XV ст. (гл. Булыка, Запазыч.).
Ве́кша ’вавёрка’ (ДАБМ, 897, Гарэц., Касп.). Рус. ве́кша ’тс’. Паходжанне слова няяснае. Агляд розных версій гл. Фасмер, 1, 287. Найбольш пераконвае Трубачоў (Дополн., 1, 287), які бачыць сувязь з рус. ва́шка ’маладая вавёрка’.