Ве́ялка1 ’драўляны шуфлік для ручнога веяння зерня’; ’машына, якой ачышчаюць збожжа ад мякіны’ (КТС, БРС, Выг., Бяльк., Шат., Яруш., Сцяшк. МГ), брэсц. ві́ялка драўляны савок, якім веялі ўручную’ (Сіг.). Укр. ві́ялка, рус. ве́ялка, польск. wiałka, макед. веалка ’тс’, балг. веялка ’веялка’; ’цура, зробленая ў першы тыдзень вялікага посту ў гонар летняга ветру, які лічыўся духам, што дапамагаў у час малацьбы’. Утворана ад vějadlo (параўн. ст.-рус. вѣяло ’лапата’, н.-луж., в.-луж. vějadło ’веялка’) і суф. ‑к‑а. Да веяць (гл.). Побач з суф. ‑л‑ка на слав. тэрыторыі маюцца ўтварэнні ад веяць з іншымі суфіксамі са значэннем Nomina instrumenti: бел. палес. ве́янка, ве́ячка, укр. ві́ячка, ві́яльніца, рус. ве́янка, ве́йніца, ве́йка, балг. веячка, в.-луж. wějawa, чэш. věječka, viječka, vejačka, польск. wiejalnia, wiejacha, уст. wiejaczka.

Веялка2, ве́ялкі ’вейка, вейкі’ (БРС, шчуч., навагр., маст., Сцяшк. МГ, КЭС, Жд., 1, З нар. сл.) — рэгіянальнае беларускае кантамінаванае ўтварэнне ад вейка, веяць (гл.) не без уплыву лексемы веялка1 (гл.).

Веялка3 ’павека’ (навагр., КЭС) узнікла шляхам семантычнага пераносу па сумежнасці ад лексемы веялка2. Адваротны пераход назіраецца ў рус. арханг. веко ’вейка’, йонаўск., прэйл. ве́ки ’вейкі’ пры рус. веко ’павека’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)