Ве́сніцы ’плот з варотамі ў канцы вёскі’ (БРС, КТС), петрык. весніца ’тс’ (Мат. Гом.), маг., бабр., саліг. ве́сніцы//ве́шніцы (Бір., Шат.), усх.-палес. вешніца, вешніцы ’тс’ (Нар. сл.), весьніцы, весʼнʼіцы ’вароты ў двор’ (БРС, Арх. Бяльк., Сцяц. Нар., КТС, Сцяшк. МГ); ’вароты з перакладзін’ (Шат.); ’варотцы, фортка’ (Сцяшк. МГ), зэльв. ’вароты ў загарадзе, хляве’; ’рэдкія зубы’ (Сцяц.). Рус. пск. вешница ’вясковая вуліца, зарослая травой’; ’агароджаны ўчастак сялянскай сядзібы, дзе пасуць коней’, польск. wieśnice ’вароты, якія вядуць у вёску, весніцы’, wieśnica ’вуліца з двара ў вёску’, чэш. vesnice ’вёска’. Лексема ўтворана ад прыналежнага прыметніка vьsь‑nь і суф. ‑ica (< vьsь ’дом роду’) і абазначала спачатку ’(агароджанае) месца, дзе знаходзіліся ўсе будынкі роду’. З’яўленне ‑ш‑ замест ‑с‑ ва ўсх.-бел. формах абумоўлена наступным палатальным нʼ, а не тым, што лексема паходзіць ад вешаць (параўн. П. Сцяцко, Нар. лекс., 14). Гл. веснікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)