Ве́снікі мн. л. ’вароты ў двор, зробленыя з дошак, або з лазы’ (карэліц., Янк. Мат.), ве́сьнікі ’вароты’ (Касп., Чач.), ві͡е́сьнікі ’шырокія вясковыя вароты, брамка’ (Мал.), вілен., мін., гродз. ве́снікі ’простыя вясковыя вароты’, ве́снічкі ’вузкія, як прайсці чалавеку, дзверы ў плоце, варотцы’ (КТС). Рус. перм. ве́шники ’праходы ў плацінах для выпуску лішняй вады’, вяц., кір. вешники́ ’тс’, перм. ’слупы ў гэтых праходах’, ярасл. ’вяршнік у веснічках’, польск. wieśnik ’весніцы ў канцы вёскі’. Паходзіць ад vьsь ’вёска’; звычайна лексема ўжываецца з суф. ‑ніц‑ы (гл. ве́шніцы), суфікс ‑нік(і) можна растлумачыць уплывам семантычнай сувязі з ве́снік (гл.): вароты ў пачатку вёскі былі першым сведкам і вестуном таго, што ў вёску прыбываў новы, незнаёмы чалавек.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)