Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сяро́дак (серёдокъ) ’сярэдняя частка, сярэдзіна’, ’сродак’ (Нас.), ’сярэдзіна, нутро’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр.), ’сэрцавіна морквы’ (Сцяшк.; барыс., Сл. ПЗБ), сярёдак ’вантробы’ (Растарг.), сырыдо́к, сырдо́к ’стрыжань, асяродак (у расліне, алоўку)’ (драг., З нар. сл.), сяро́давік ’тс’ (бярэз., Жд. 2), ’сярэдні маладзенькі лісток’ (барыс., Сл. ПЗБ), сяро́дка ’сярэдзіна’ (Нар. Гом., Сл. ПЗБ), ’зародак’ (мядз., Сл. ПЗБ), ’сярэдзіна гарбуза’ (Сцяшк.), сяро́дкі ’ўнутраныя органы’ (трак., шальч., Сл. ПЗБ), ’адходы пры часанні льну’ (Мат. Маг.). Да сярод (гл.). Сюды ж, відаць, сырда́к ’кош’ (Сл. Брэс.), г. зн. ’кош сярэдніх памераў’.

Сяро́жкі ’завушніцы, падвескі’ (Ян., Сакал.), сіро́жка ’завушніца’ (Сл. Брэс.), сяро́жка ’каташок’ (Мат. Гом.), ’пярсцёнак’ (?): “на ножки сапожки… на ручки серожки” (Доўн.-Зап., Пін., 132). Гл. сергі; у апошнім прыкладзе, магчыма, захавалася першаснае значэнне, параўн. ст.-чув. śürüɣ ’пярсцёнак’.

Сяро́н, сярэ́н, сару́н, се́ран, се́рань ’шарпак, замерзлы зверху снег пасля адлігі’ (Мат. Гом.), сяру́н, шару́н (шеру́н) ’ранні сакавіцкі снег, па якім можна хадзіць не правальваючыся’ (Мядзв.), сярён, сіра́н ’замерзлы снег пасля адлігі’ (Бяльк.), сяра́н ’шарпак’ (Юрч.), се́рэн (сѣрэн) ’тс’ (Нас.). Параўн. укр. сере́н ’тс’, рус. серён, се́рен ’тс’, польск. śron ’іней, імжа’. Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (БЛ, 40, 54–55), формы з пачатковым с‑ з’яўляюцца архаізмамі, выціснутымі з цэнтральнай Беларусі формамі з пачатковым ш‑ (гл. шарон) пад уплывам літоўскага субстрату, што сумніўна, параўн. сяру́нь ’шарпак’ з тэрыторыі Літвы (шальч., Сл. ПЗБ) і пярэчанні Анікіна (Опыт, 275). Гл. се́ран.

Сярпа́нка ’марля’ (Мат. Гом.), сярпя́нка ’лёгкая баваўняная тканіна’ (ТСБМ), серпано́к ’тонкае палатно’ (Нар. Гом.), серпаночэк ’рэдка вытканае палатно на намёткі’ (пін., Кольб.), сарпа́нка, сарпано́к ’вясельны галаўны ўбор’ (ТС), сырпано́к ’белая хустка’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. се́рпа́нка, се́рпа́нок ’празрыстая тканіна, жаночае пакрывала на галаву’, рус. серпя́нка ’рэдкая тканіна з ільну’, польск. sierpanka ’тонкая тканіна, пакрывала’. З тур. serpenek, што з перс. särpänäk ’жаночае пакрывала на галаву’ (Фасмер, 3, 610; ЕСУМ, 5, 221). Няясныя адносіны да сарпі́нка ’лёгкая баваўняная тканіна ў палоску ці ў клетку’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), для якой мяркуецца іншае паходжанне, гл.

Сярпу́ха ’расліна Serratula L.’ (ТСБМ, Кіс.), серьпуха ’нейкая расліна’ (“употребляется обыкновенно для желтѣнія под зеленый цвѣт”; Меер Крыч.), сюды ж таксама сярпо́к ’Serratula L.’ (Байк. і Некр.), што адносяць да іншай расліны ’Falcaria Beruh.’ (Кіс.). Параўн. укр. серпу́ха, серпо́к ’Serratula L.’, рус. серпу́ха ’тс’, польск. sierpik, чэш. srpek, славац. sŕpok, славен. srpek, серб.-харв. ср́пац, балг. сърпе́ц ’тс’, што выводзяцца ад *sьrpь (гл. серп) з-за падабенства лістоў раслін да сярпоў, параўн. таксама назву расліны Бакала: укр. серпорі́з, рус. реза́к. Гл. ЕСУМ, 5, 221, 222.

Сярто́ліцца ’быць у неспакоі, неспакойна пачувацца, сядзець’ (лаг., Гіл.), ’выконваць доўгую і цяжкую работу’ (ушац., Нар. лекс.). Словаўтваральны варыянт да сёртаць (гл.): *sьrtati > *sьrt‑olʼa > sьrt‑ol‑iti (sę), што да прасл. *sьrt‑ < і.-е. *ser‑ ’цячы, рухацца’ (Варбат, Этимология–1975, 32–34). Параўноўваюць з балг. дыял. ср̥тим ’цяжка, з намаганнем працаваць’ (Пятлёва, Этимология–1985, 18). Сюды ж, магчыма, і ўкр. се́ртувати ’цягаць сюды і туды’, якое выводзіцца з польск. certować ’цырымоніцца, браць удзел у барацьбе, змагацца’ < лац. certo ’змагаюся’ (ЕСУМ, 5, 222), што не выключае кантамінацыі згаданых дзеясловаў. Адносна экспрэсіўнага суф. ‑oli‑ гл. Борысь, Etymologie, 697.

Сяру́ха ’павітуха, Cuscuta L.’, ’від асакі’ (ТС). Няясна; магчыма, ад сраць (гл.) з адмоўнай экспрэсіяй, параўн. іншую назву павітухі ўкр. paršyvka (Макавецкі, Sł. botan.).

Сяры́цца (сярі́цца) ’ярка адбівацца, зіхацець’: у вычах сяріцца (Юрч. Вытв.). Няясна.

Сярэ́бранік ’дуброўка, Potentilla anserina L.’ (ТСБМ, Касп., Дэмб. 1, Кіс.). Да серабро (гл.), ад прыметніка сярэ́браны (ТСБМ, Ласт.), ст.-бел. серебрѧнъ (Альтбаўэр), серебрыны (1405 г., Карскі 2-3, 229) з-за бліскучай афарбоўкі, параўн. срэбнік, гл. Сюды ж і сэрэбря́нік ’падтыннік, Chelidonum majus L.’ (Бейл.), параўн. іншую назву чортава серабро (Кіс.).

Сярэ́бшчына ’абрад адорвання маладых’: на сярэбшчыну гукаюць, як едуць па нявесту (Мат. Гом.), ст.-бел. сере́бщина, сере́бщизна ’грашовы падатак серабром’ (Ст.-бел. лексікон, Сташайтэне, Абстр. лекс.). Параўн. укр. сере́бщина ’падаткі на вайсковыя патрэбы, падатак на зямлю’. Да серабро́ (гл.), сумніўна атаясамленне з укр. сербщи́на ’работа на пана, паншчына’, гл. ЕСУМ, 5, 216.