Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стынь ‘холад, халадэча’ (ТСБМ, Юрч., Мат. Маг.). Аддзеяслоўны назоўнік ад стынуць, гл. стыць.

Сты́пыр’е ‘сцябло цыбулі’ (малар., Нар. лекс.). Магчыма, з літ. stìbiras ‘сцябло, чаранок’; адносна ‑п‑ параўн. літ. stỹbti/stỹpti ‘расці высокім’; гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 133; параўн. сцяперʼе, гл.

Стырно́ ‘руль’ (ТСБМ, Ласт., Стан.), стыр ‘штыр, рулявое вясло’, ‘жэрдка, калок’ (ваўк., лудз., Сл. ПЗБ), стырнавы́, сты́рнік ‘галоўны плытнік, які кіруе плытом’ (ТСБМ), сты́рнік, стэ́рнік ‘тс’ (Сл. ПЗБ), стырнава́ць ‘кіраваць стырном’ (там жа), стыраваць ‘тс’ (Ласт.). Укр. стерно́, рус. паўд. стерно́, ст.-рус. стрънъ (XV ст.). Праз польск. ster ‘руль’ узыходзіць да с.-ням. stiure ‘тс’; гл. Фасмер, 3, 759; Праабражэнскі, 2, 385; Міклашыч, 322; ЕСУМ, 5, 413.

Стырня́ ‘іржышча’ (Нар. Гом.), ‘пожня’, стэрня́, стэ́рня, сцерня́, стырне́ ‘тс’ (ДАБМ, камент., 849). Параўн. укр. стерня́ ‘тс’, рус. стерня́, польск. ścierń, ściernie, чэш. strní, strniště, славац. strnisko, в.-луж. šćerń, šćernje, н.-луж. sćernje, серб.-харв. стр́ниште, славен. stŕn, strnišče, балг. стърни́ще, макед. стрниште. Прасл. *stьrnь, зборн. *stьrnьje, разглядаецца як варыянт з рухомым s‑ да *tьrnь, гл. цёран, роднаснае грэч. στερεός ‘цвёрды’, с.-в.-ням. stārr ‘цвёрды, жорсткі’. Гл. Бязлай, 3, 330; Фасмер, 3, 759; ЕСУМ, 5, 413. Фанетыка беларускага слова, відаць, пад уплывам стырчаць (гл.).

Сты́рта ‘дзежка, кубел’ (?) (Мат. Гом.). Гл. сцірта.

Стырча́ць ‘тырчэць’, ‘вытыркацца, высоўвацца’ (Некр. і Байк., Рам. 6, Ян.), стырч, стырчком ‘сторч, тарчмаком’ (Ласт.), стырч ‘палявы хвошч’ (лельч., ЛА, 1). Да тырчаць, гл.

Сты́рыць ‘стаяць, прысутнічаць, дыжурыць’ (Варл.), ‘украсці’ (Яўс., Мат. Гом.), сту́рыць, сты́рыць ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), магчыма, сюды ж стыря́тысь ‘здохнуць, памерці (пра пчол)’ (драг., Жыв. св.). Параўн. рус. сты́рить ‘дражніць; украсці; спрачацца, сварыцца’, сты́ра ‘хто любіць спрачацца’, ‘сонная гультаяватая кабета’, укр. дыял. сти́ра ‘напасць; спакуснік’, а таксама каш. stořëc ‘хваліць, маніць, ашукваць’. Няясна; ненадзейныя параўнанні з ісл. styr ‘вайна’ (Шымк. Собр.), с.-н.-ням. stûr ‘неслухмяны, непакорлівы’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 789; ЕСУМ, 5, 416. Хутчэй за ўсё, звязана чаргаваннем з настырны (гл.). Борысь (SEK, 4, 364–365) мяркуе пра сувязь з *strčati, гл. стырчаць.

Сты́сы ‘драўляныя вілы’ (калінк., Арх. ГУ). Няясна.

Сты́тур ‘сварка’ (Нар. Гом.). Няясна; параўн. стырыць, гл.

Стыць, сты́нуць ‘станавіцца халодным, астываць’, ‘мерзнуць, замярзаць на холадзе’ (ТСБМ, Нас., Варл., Др.-Падб.; віл., Сл. ПЗБ), ‘застываць’ (віл., Сл. ПЗБ), сты́лы ‘застылы, мёртвы’ (ТС), ‘халодны’, ‘абрыдлы’ (Нас.). Параўн. укр. сти́ти, сти́нути, рус. стыть, сты́нуть, ст.-польск. stydnąć, чэш. stydnouti, славац. stydnúť, серб.-ц.-слав. устынути, балг. сти́на ‘станавіцца халодным, астываць’; мяркуюць, што гэта новаўтварэнне ад *stydnǫti, якое звязана чаргаваннем галосных з прасл. *studъ, *studa ‘холад’, студзіць (гл.), параўн. стыд. Гл. Міклашыч, 327; Фасмер, 3, 789; Голуб-Копечны, 360; ЕСУМ, 5, 416. Сюды ж стынь ‘сцюжа, холад’, гл.