Насты́рны ’ўпарты, настойлівы’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’упарты, задзірысты’ (ТС), nastyrniony ’тс’ (Пятк. 2), сюды ж настыра́цца ’псаваць адносіны, задзірацца’ (ТС, Жд. 2), nastyrniàcsa ’задзірацца’ (Пятк. 2), насты́рыцца ’завесціся, пасварыцца’ (ТС), параўн. укр. насти́рний ’надаедлівы’, рус. насты́рный ’назойлівы, нахабны’, славен. nástoren ’упарты, надаедлівы, злы’. Відаць, звязана чаргаваннем галосных таксама з балг. дыял. наста́рам са, насто́ра са ’падбухторваць, паклёпнічаць, псаваць адносіны’, серб.-харв. nastoriti ’адчуваць агіду’, якія разам з серб.-харв. nástor ’нянавісць, злосць’, славен. nástor ’упартасць, варожасць’ узводзяць да *na‑sъ‑tor‑ ад прасл. *terti, *tьrǫ, гл. церці (Варбат, Слав. языкозн., 1973, 98; Морфонологические и словообр. аспекты реконстр. и этимологизации праслав. лексики. АДД. М., 1980, 14); адносна чаргавання галосных параўн. це́рціся і ты́рыцца ’ацірацца’ (Нас.). Сюды ж, відаць, і рус. сты́рить ’дражніць; сварыцца; спрачацца, упарціцца і інш.’, паводле Фасмера (3, 789), няяснага паходжання, якое, аднак, чаргаваннем галосных можа быць звязана з паўднёваславянскімі формамі і польск. storzyć ’хваліцца, ганарыцца, задавацца’ (Брукнер, 517, да *stor‑, *ster‑, параўн. старана́, распасце́рці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)