Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сток ‘спад, сцёк’ (Ласт., Бяльк.; беласт., Сл. ПЗБ), ‘месца, дзе сходзяцца канцы (вобада, абруча і інш.)’ (ТС), сто́кі ‘крыж, сярэдзіна, паясніца’, ‘падстаўка пад вулей’, ‘сутокі’ (Сцяшк. Сл.), сто́чкі ‘сутокі’ (Жд. 3). Укр. стік, сток ‘сутокі’, рус. сток, сто́ки ‘тс’, польск. stok ‘сутокі, скат, сцёк, ручай’. Да цячы, ток (гл.).

Стол ‘від мэблі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг.), ‘харчаванне, харчы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘памінкі’ (Барад., Мат. Маг.), ‘под у жорнах’ (рас., Шатал.). Параўн. укр. стіл, рус. стол, стараж.-рус. столъ ‘стол; прастол; сядзенне’, польск. stół, в.-луж., н.-луж. stoł ‘крэсла, стол; прастол’, чэш. stůl, славац. stôl, серб.-харв. сто̄, славен. stòl ‘крэсла; стол’, балг., макед. стол ‘крэсла’, ст.-слав. столъ. Прасл. *stolъ ‘сядзенне; стол’ з’яўляецца дэрыватам ад прасл. *stьlati, *steljǫ (гл. сцяліць) і генетычна роднаснае літ. stãlas ‘стол’, ст.-прус. stalis, гоц. stōls ‘крэсла’, якія Фасмер (3, 765), Покарны (1007), Фрэнкель (893), Бязлай (3, 319–320) далей узводзяць да прасл. *stojati < і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Але Курыловіч (JP, 33, 69) і Слаўскі (JP, 38, 229) указваюць, што націск Р. скл. адз. л. (стала́) сведчыць аб тым, што гэта жывое вытворнае ад *stьlati. Махэк₂ (590), Борысь (579) семантыку слова тлумачаць тым, што *stolъ першапачаткова — гэта што-небудзь пасланае (напрыклад, на зямлі) для яды і сядзення на ім; толькі потым яно пачало абазначаць мэблю. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1359; Бязлай, 3, 319; ЕСУМ, 5, 419.

Сто́лак ‘зэдлік, услончык’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сцяшк.; петрык., Шатал.; Ян., Мат. Гом., Скарбы, Бяльк.; паст., ваўк., узд., беласт., Сл. ПЗБ), сто́лок ‘слон, табурэтка’ (ТС, Нар. словатв., ПСл.; стол., Нар. лекс.), сто́лок, сто́лка, сту́лка ‘зэдлік’ (Сл. Брэс.), сто́лкі ‘козлы’ (Сл. рэг. лекс.). З польск. stołek ‘табурэтка’. Польскае слова ўтворана ад stół, гл. Борысь, 579.

Сто́лап (сто́лоп) ‘асталоп’ (латг., Карскі, 1, 257). Карскі (там жа) выводзіць з *stъlp‑ (гл. стоўп) з другім поўнагалоссем. Параўн. стало́п ‘слуп’ (латг., Сл. ПЗБ), гл.

Сто́лец ‘крэсла’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., ПСл), стале́ц ‘столак, услон’ (Нар. Гом.), ‘зэдлік’ (Ласт.). Ст.-бел. столецъ ‘трон, прастол; сталіца’ (1434 г.) з ст.-польск. stolec (Булыка, Лекс. запазыч., 35). Гл. таксама Кохман, Stosunki, 129. Значэнне ‘крэсла’ развілося ўжо, відаць, у беларускай пад уплывам сто́лак (гл.) або было паўторна запазычана з польск. дыял. stołec ‘крэсла (са спінкай)’; параўн. яшчэ укр. стіле́ць ‘крэсла’.

Сто́лка ‘слой, пласт, складка чаго-небудзь’, у адну (дзве, тры) столкі — у адзін (два, тры) разы (ТСБМ), ‘слой, частка, пасма’ (Шат., Касп., Варл., Бяльк., Сцяшк., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘пасма (валасоў)’ (Мат. Гом.), сто́лка, ство́лка, ста́лка ‘тс’ (ЛА, 4), сто́лька, столь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сто́ля ‘тс’ (там жа). Да сцяліць з чаргаваннем е/о ў корані, параўн. стол, столь. Гл. яшчэ сталка.

Сто́лкі ‘прыстасаванне, на якім пілуюць дровы, дошкі’ (Сл. Брэс., Сл. рэг. лекс., Чэрн.). Запазычанне з польск. stołek, stołki ‘тс’ < stół (гл. стол).

Сто́ль1 ‘пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе’, ‘паверхня гэтага пакрыцця з боку гарышча’ (Нас., Шымк. Собр., Касп., ТСБМ, Ласт., Шат., Нік. Очерки, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., Варл.), ‘гарышча’ (Жд. 3), сто́ля ‘столь’ (Касп.), ‘столь; гарышча’ (ТС, ПСл, Мат. Гом., Сл. Брэс.), сюды ж сталява́нне ‘насціланне столі’, ‘столь’ (Нас.), сталява́ць ‘насцілаць столь’ (Нас., Касп.), сталі́ць сто́лю ‘тс’ (гарад., Хрэст. дыял.). Укр. сте́ля, стіль, сто́ля, рус. дыял. сте́ль ‘тс’. Да сцяліць, з чаргаваннем у беларускім слове. Гл. Фасмер, 3, 753; ЕСУМ, 5, 407. Краўчук (Бел.-укр. ізал., 38) формы з ‑о‑ лічыць больш архаічнымі, захаванымі таксама ў в.- і н.-луж. postola, postoła ‘пасцель, ложак’ пры больш новых *postelь, *postelʼа (гл. пастель).

Столь2, сто́ля ‘столка’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Гл. столка.

Сто́лькі ‘так многа’ (Шымк. Собр., Жд. 2), ‘у такім памеры, колькасці, ступені’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Растарг., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), сто́лька ‘тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ), сто́лько ‘тс’ (ТС). Працяг ст.-бел. толико ‘тс’, гл. толькі; с‑ надае слову значэнне прыблізнасці, гл. Фасмер, 3, 766.

Сто́ма ‘аслабленне; расслабленне; зморанасць’ (ТСБМ, Бяльк., Стан.). Аддзеяслоўны назоўнік ад стамі́цца, што да тамі́ць (гл.). Беларуска-ўкраінская ізалекса, параўн. укр. сто́ма ‘тс’.