Смутуя́сіць ‘пляткарыць’ (Касп.). Не вельмі яснае ізаляванае слова. Відаць, складанае; першая частка да смута, муціць (гл.), другая частка, магчыма, да асновы яс‑, якая ў польск. дыял. jasać ‘крычаць, вішчаць’, чэш. jasati ‘радавацца, весяліцца’, укр. яса́ ‘погаласка, шум’.
Сму́чай ‘ранняя асака на мокрых месцах’ (ТС), смыч, смоч, смыча́ль ‘тс’ (Жыв. сл.), смы́чка, смы́чаўка, смы́каўка ‘яжджаль, асака светла-зялёнага колеру, якая пачынае расці ранняй вясной’ (ЛА, 1, Расл. св.), смыча́ль ‘тс’ (Жыв. сл., ЛА, 1), смуча́й ‘травяністая расліна, падвей’ (ПСл). Параўн. укр. смича́й, смуча́й ‘падвей, Eriophorum vaginatum L.’, смича́ль ‘азёрная расліна’, харв. дыял. smȗcal ‘нейкая трава’. Відаць, да смыкаць, смукаць ‘тузаць, цягаць, вырываць’ (гл.), параўн. му смучай сму́каем на шчоткі (ПСл). Паводле ЕСУМ (5, 321), матывацыя тлумачыцца лёгкасцю аддзялення лістоў ад кораня.
Смуччыні́на ‘барана з зубамі з сукоў’ (Касп.). Дэрыват з суф. ‑ін(а) ад ⁺смычаны, залежн. дзеепр. прош. ч. дзеяслова смыкаць (гл.).
Сму́шак ‘шкурка, знятая з нованароджанага ягняці, а таксама футра са шкурак такога ягняці’ (ТСБМ, Сержп.), ‘душагрэйка з аўчыны’ (Нар. сл.). Параўн. укр. смух, сму́шок ‘вырабленая аўчына’, рус. дыял. смух, сму́шек ‘тс’, польск. smuch, smusz, smuszek, в.-луж. smóška ‘тс’. Паводле Брукнера (504), з нов.-в.-ням. Schmasche ‘скура ягняці’, с.-в.-ням. smaschîn (XIV ст.), smasse (XV ст.); аднак паходжанне нямецкага слова таксама няяснае. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 341, Фасмер, 3, 694 (ва ўсходнеславянскіх з польскай) ЕСУМ, 5, 332.