Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Смакта́ць ‘уцягваць у рот, аблізваць, ссаць’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Байк., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), смокта́ць ‘тс’ (ТС), смакці́ць ‘тс’ (Шатал.), ‘есці вельмі мала, перабіраючы’ (Нар. лекс.). Укр. смокта́ти ‘смактаць; прагна піць’, рус. дыял. смокта́ть ‘тс’, польск. smoktać, smokać ‘смактаць; цмокаць (на каня)’, балг. дыял. смо́хтам ‘ссаць, уцягваць у сябе ротам’. Гукапераймальнае; гл. Праабражэнскі, 2, 336–337; Брукнер, 503–504; Фасмер, 3, 690; ЕСУМ, 5, 326 (рэканструюецца позняе *smoktati, звязанае з гукаімітатыўным *smokъ, гл. цмок, цмкаць).

Смактуга́ ‘нізкае месца на полі, дзе вымакае рунь’ (зэльв., Нар. словатв.). Да смактаць (гл.) з суф. ‑уг(а). Сюды ж смакту́н ‘падзолістая глеба’ (ашм., Сл. ПЗБ), смакту́нь ‘халодная неўрадлівая глеба’ (Скарбы) з суф. ‑ун, ‑унь, а таксама магчымы наватвор Ластоўскага смакту́г, смактугі́ ‘помпа’ (Ласт.).

Смакту́лька ‘зябер прыгожы, Galeopsis speciosa Mill.’, смакту́н ‘тс’ (нясвіж., ЛА, 1), смо́кта ‘тс’ (ТС). Да смактаць (гл.), таму што кветкавыя трубачкі расліны змяшчаюць многа цукрыстай вадкасці (параўн. іншую назву сысункі́ ‘тс’). Паводле Аненкава (151), з’яўляецца ласункам дзяцей, якія высмоктваюць гэты сок.

Смакту́н ‘кветка канюшыны’ (ТС, Мат. Гом.), смакту́шкі ‘чырвоная канюшына’, смакту́шка ‘дзяцеліна’ (лун., драг., ЛА, 1), смокту́шка ‘галоўка канюшыны, коцікі вярбы’ (ТС). Да смактаць (гл.), семантычная матывацыя як у папярэдняга слова.

Смактуны́, смоктуны́ ‘пакрывец лекавы, Anchusa officinalis L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Відавочна, да смактаць (гл.). Параўн. іншую назву гэтай расліны: мядоўка (Кіс.).

Смала́1 ‘загусцелы сок хваёвых і іншых раслін’, ‘пра назойлівага, надакучлівага чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; ашм., Стан.; астрав., драг., Сл. ПЗБ), ‘жывіца сасны’ (Пятк. 2), смола́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. смола ‘тс’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), сюды ж смалі́ць ‘насычаць смалой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Укр., рус. смола́, стараж.-рус., серб.-ц.-слав. смола ‘тс’, польск. smoła, в.-луж., н.-луж. smoła, палаб. smüla ‘смала; пекла, печ’, чэш. smůla, славац. smola, серб.-харв. смо̀ла, славен. smóla, балг. смола́, макед. смола. Прасл. *smola утворана ад і.-е. кораня *(s)mel‑ ‘гарэць, тлець’ (Сной₁, 586). І.‑е. адпаведнікі: лат. smeļi мн. л. ‘смольныя паленні’, літ. smėla ‘тлее’, smelà ‘смала’, н.-ням. smelem ‘гарэць доўга і дымна’, с.-ірл. smál, smól, smúal ‘агонь, попел’ (Праабражэнскі, 2, 337; Фасмер, 3, 690; Шустар-Шэўц, 1322; Сной₁, 586; Глухак, 566; Скок, 3, 294; ЕСУМ, 5, 326–327). Махэк₂ (563), Борысь (563) лічаць *smola дэрыватам ад незахаванага ў славянскіх мовах дзеяслова *smelti ‘тлець, злёгку гарэць’, суадноснага з *smaliti, гл. смаліць.

Смала́2, смыла́, смэла́, смо́лка ‘малодзіва’ (бяроз., пін., хойн., Шатал.), смала́, смаліна́, смо́лак, смо́лка ‘(ліпкае саланаватае) малако перад ацёлам’ (Мат. Гом.), смола́ ‘тс’ (ТС), смо́лка ‘тс’ (Шат., Сцяшк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ). Гл. папярэдняе слова. Семантычнае развіццё аналагічна развіццю ў сера ‘малодзіва’ (гл.).

Смалгава́ты ‘смуглявы’ (Мат. Гом.). Метатэза з *смаглаваты < смаглы1 (гл.); параўн. таксама ўкр. смаглюва́тий, смагля́вий ‘смуглявы’.

Сма́лец ‘шмалец’ (Шат., Сцяшк., Вешт.), ‘шмалец; нагар у люльцы’ (ТС), сма́лец, сма́ляц, сма́лець ‘тс’ (смарг., баран., беласт., Сл. ПЗБ). З польск. smalec ‘тлушч’ (Сл. ПЗБ, 4, 498). Ужо ст.-бел. (XVI ст.) смалецъ ‘топлены тлушч, шмалец’ < ст.-польск. smalec < ням. Schmalz (Булыка, Лекс. запазыч., 117). Борысь (561) удакладняе паходжанне ст.-польск. smalc < с.-в.-ням. smalz ‘топлены тлушч; шмалец, тлушч, масла’. Гл. шмалец.

Смалі́на ‘сасна як матэрыял’ (“chwója, a jeżeli jest już materjałem — smalína”, Пятк. 1), смало́вае дзе́рэво ‘тс’ (Пятк. 1, ЛА, 1), смолі́на ‘сасна’, смо́льнік ‘хвойнік (зараснік, драўніна)’ (ТС). Да смала1 (гл.).

Смалі́ца: лезці смаліцай ‘неадчэпна, напорыста, настойліва, нахабна лезці’ (Скарбы). Да смала1 (гл.), параўн. прычапіўся, як смала ‘тс’.