Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Свярбігу́з ‘дзікая рэдзька, Bunias orientalis L.’, свербігу́з (Касп., Дэмб. 1), ‘свірэпка, Barbarea Beck.’ (Гарэц., Кіс.). Укр. свербигу́з ‘расліны Bunias L., Torilis enthryscus’, ‘шыпшына’, рус. паўдн. свербигу́з ‘свірэпка’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 81), ад кораня сверб‑ і назоўніка гуз (гл.), што тлумачаць раздражненнем задняга праходу, асабліва пладамі шыпшыны (ЕСУМ, 5, 188).

Свяржывы ‘?’: (бульба) падобная па скараспелку, але дужа свяржывая (Полымя, 1999, № 12, 131). Няясна; магчыма, звязана з рус. сверёжий, свярёжий ‘бойкі; моцны’, адносна паходжання якога выказваюцца розныя думкі, гл. Фасмер, 3, 574 (кантамінацыя свежий и тверёзый); Этим. иссл., 1978 (вытворнае ад *verti ці *verzti).

Свярца́для ‘люстэрка’ (Сцяшк.), сверса́дло ‘тс’ (Сл. Брэс.), свярдзя́дла ‘тс’ (Бір. дыс.). Запазычанне з ст.-польск. świerciadło ‘тс’, якое ад *zьrkati (гл. зрэнка), *zьrcati; гл. Брукнер, 658; Махэк₂, 718.

Свярэ́па. Гл. свірэпа1.

Свя́сла ‘нізка лыка’ (калінк., Сл. ПЗБ; калінк., рэч., ЛА, 4), свя́слы, свясло́ (лоеў., хойн., ЛА, 4). Укр. дыял. свʼя́сла ‘звязка прадметаў’, рус. свя́сло ‘перавясла’, ст.-рус. съвясло ‘звязак, пучок’. З *съвязсло, ад *vęzati ‘вязаць’ з суф. ‑сло, як у вясло, гл. вязаць (Фасмер, 3, 584). ЕСУМ (5, 199) дапускае непасрэдны працяг прасл. *sъvęzslo. Сюды ж, відаць, балг. свесло́ ‘звязка гронкаў вінаграду або кукурузы’, гл. Выгленаў, БЕ, 1970, 2–3, 216–218; БЕР, 6, 540.

Свя́та ‘урачысты дзень; культавая ўрачыстасць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Шат.), дыял. свя́то, сʼя́то ‘тс’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. с(вѧ)то ‘тс’ (Альтбаўэр). Да святы (гл.) першапачаткова, відаць, як азначэнне да назоўніка ніякага роду, магчыма, з *svęto vermę, параўн. адно са значэнняў ст.-бел. веремѧ ‘свята’ (Альтбаўэр) і святдзень ‘тс’ (Ласт.). Адносіны да польск. swięto ‘свята’, якое разглядаецца як рэліктавая форма Н. скл. адз. л. н. р. назоўнікаў (Длугаш-Курчабова, 491), застаюцца нявызначанымі. Параўн. таксама прыметнік светны́, сʼетны́ ‘святочны’ (ТС).

Свята́р ‘служка культу’ (Ласт., Стан.). Наватвор ад святы (гл.).

Святая́ннік ‘зверабой, Hypericum L.’ (ТСБМ, Кіс., ЛА, 1), сьветая́нкі ‘тс’ (Ласт.). Частковая калька свентаяннік або вынік адаптацыі першай часткі да святы (гл.); сюды ж сьвятая́нскае зельле (Гарэц.), гл. свентаянскае зелле.

Святлі́ка ‘цяцюшнік, Euphrasia L.’ (Меер Крыч.). Параўн. укр. світлик ‘тс’, рус. дыял. светли́к ‘тс’, польск. świetlik ‘тс’, якое лічыцца запазычаннем з чэш. světlik ‘тс’ (Басай–Сяткоўскі, 384), апошняе паходзіць ад světliti ‘раз’ясняць, праясняць (вочы)’, паколькі ў народнай медыцыне выкарыстоўвалася для лячэння вачэй, параўн. рус. оча́нка, о́чная трава́, серб. видица і пад. Гл. Махэк₂, 596; ЕСУМ, 5, 197. Да свяціць (гл.), параўн. выраз вочы свецяць (пра добры зрок) (ТС).

Святлі́ца ‘светлы чысты пакой у хаце, прызначаны звычайна для прыёму гасцей’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан., Сл. ПЗБ, Шат., Касп., Бяльк.; віц., Хрэст. дыял.), светлі́ца ‘светлая, прасторная хата’ (ТС). Укр. светли́ця, рус. светли́ца, польск. świetlica, чэш. světnice, ст.-чэш. svět(l)nice ‘тс’. Ад светлы (гл.), г. зн. ‘хата або пакой, дзе не было печы ў процілегласць “курной” хаце’; гл. Брукнер, 535; Махэк₂, 596.