Свентая́нскае зелле ‘святаяннік звычайны, Hypericum perforatum L.’ (Нас.; гродз., брэсц., мін., Кіс.; Нас., Дэмб. 1, Сл. ПЗБ, Жд., Сержп. Прымхі). З польск. świętojanskie źiele ‘тс’. Параўн. укр. сьвятояньске зілля ‘тс’, ст.-чэш. Svatého Jana korenie ‘тс’, Sv. Jana bylina ‘чарнабыльнік’, серб.-харв. трава светог Ивана ‘святаяннік’, ‘расліна Salvia sclarea L.’. Як піша Растафінскі (гл. Махэк, Jména, 148–149), зверабой называецца святаяннікам таму, што цвіце каля свята св. Івана. Махэк (там жа), улічваючы, што гэтая назва аб’ядноўвае розныя лекавыя расліны, мяркуе, што вытокі намінацыі трэба шукаць у павер’і аб неабходнасці капаць іх у ноч пад Івана Купалу. Не выключае ён і магчымасці нямецкага паходжання, г. зн. калькі ням. Sankt Johanneskraut ‘святаяннік’, літаральна ‘трава святога Яна’, параўн. Ян, Ян‑зе́лля ‘тс’ (віл., воран., мядз., ЛА, 1). Гл. святаяннік.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)