Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Свабо́да ‘асабістая незалежнасць, самастойнасць; адсутнасць прыгнёту’ (ТСБМ), ‘св межаванняў’ (ваўк., Сл. ПЗБ), свобо́да ‘воля, вызваленне ад прыгону’ (ТС), сюды ж свабо́дная ‘нецяжарная’ (Ян.). Укр., рус. свобо́да ‘тс’, ст.-рус. свобода ‘незалежнасць’, ‘пасёлак, слабада’, польск., в.-луж., н.-луж. swoboda, чэш. svoboda, дыял. sloboda ‘вольнасць; халасцяцкі стан або дзявоцтва’, серб.-харв. свобо́да ‘вольнасць; мужнасць’, славен. svobóda, ‘воля, вольнасць; вызваленне’, балг. свобода́, макед. свобода ‘тс’, ст.-слав. свобода ’тс’. Прасл. *svoboda утворана ад асновы *svob‑, параўн. ст.-слав. свобьство ‘асоба’, якая працягвае і.-е. *su̯e‑bho‑, вытворнае ад займеннікавай асновы *su̯e‑ ‘свой’, з суфіксам зборнасці *‑oda і першасным значэннем ‘сукупнасць родзічаў, сваякоў’, г. зн. тых, якія жывуць сумесна. Сучаснае значэнне другаснае. Падрабязна гл. Трубачоў, История терм., 170. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 582–583; Шустар-Шэўц, 1392; БЕР, 6, 561. Махэк₂ (598, раней Зубаты, Studie, 2, 137) разглядае слова як *svo‑potъ ад ‘свой’ і *potъ ‘пан’, праеўрапейскага слова, што вельмі штучна. Сной₁ (625) *svoboda лічыць вытворным ад прасл. *svobodь ‘свабодны’ — на думку Трубачова (Фасмер, 3, 583), другаснага. Борысь (589) узнаўляе прасл. *svobodь і *svoboda ‘свабода, незалежнасць, вольнасць’ з рэдкімі суф. ‑odь/‑oda. Гэта дазваляе ўзнавіць прыметнік *svobъ ‘прыналежны да свайго племені, жывучы на сваёй зямлі, у сябе’ і назоўнік *svoba ‘стан сярод сваіх, вольнасць’ (Борысь, Czak. stud., 44). Гл. таксама Басай-Сяткоўскі, Słownik (353–354), дзе польск. swoboda замест swieboda лічыцца багемізмам. Паводле Бугі (Rinkt. 2, 617), слова знаходзіцца ў такіх жа адносінах да ст.-рус. собь ‘усё сваё, маёмасць, дабро’ (гл. собскі), як лат. svãlbs ‘вольны’ да ст.-в.-ням. selb‑ ‘сам’ (< і.-е. *selbho‑). Гл. таксама слабода.

Сваво́ля ‘гарэзлівасць, дураслівасць, гуллівасць’, ‘свавольныя ўчынкі, паводзіны’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Мал., Янк. БП), ‘неразважныя дзеянні’ (Варл.), сюды ж сваво́ліць ‘гарэзнічаць’ (Нас., Шымк. Собр., Сержп., Варл.), свово́ліць ‘тс’ (ТС), свавольнік ‘гарэза; неслух’ (Нас., Бяльк., Ласт.), сваво́льства ‘непаслушэнства’ (Нас., Бяльк.), ст.-бел. своволенство ‘тс’. Ад свой і воля; Карскі (2–3, 89) бачыў тут, як ва ўкраінскай і польскай, “слитие слов”. У гэтай форме, мабыць, запазычанне з польск. swawola ‘тс’. Махэк₂ (596) польскае слова і чэш. svávůle, дыял. svávoľa ‘сваволя’ лічыць спалучэннем або састаўным словам і адрознівае іх ад складаных слоў тыпу рус. своеволье, своеволить, параўн. сваяволіць (гл.).

Сва́дзьба ‘вяселле’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Кольб.), ‘вясельная капэла’ (Сцяц.), сва́цьба ‘запрошаныя ўдзельнікі вяселля’ (ашм., Станк.), ст.-бел. свадба ‘вяселле’ (Альтбаўэр). Укр. сва́дьба, сва́йба, рус. сва́дьба, ст.-рус., рус.-ц.-слав. сватьба, польск. swadźba, н.-луж. swajźba, swaźba, чэш. svadba, дыял. svarba, славац. svadba, серб.-харв. сва̏дба, славен. svatba, балг. сва́тба, макед. свадба. Прасл. *svatьba, адкуль пасля падзення рэдукаваных і азванчэння t — сучасныя формы. Ад *svatati, *svatiti ‘сватаць’ < *svatъ ‘сват’ з суф. ‑ba; гл. Трубачоў, История терм., 142; Скок, 3, 361; БЕР, 6, 535; Махэк₂, 594; Сной₁, 621. У літаратурнай мове выцеснена словам вяселле, а свадзьба лічыцца русізмам; прынамсі так можна зразумець аўтараў Сл. ПЗБ (4, 380), аднак шырокая дыялектная распаўсюджанасць слова (гл. ДАБМ, к. 338) ставіць гэта пад сумненне.

Сважы́ць ‘струменіць’ (глыб., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка мяркуюць пра сувязь з рус. скважина ‘шчыліна’, што дае падставы бачыць у ім дэфармаванае рус. сквози́ть ‘праймаць наскрозь’. Няясна.

Свал ‘узвышша, вузкая града, якая ўтвараецца пры аранні ў сярэдзіну, “у склад”’ (Дэмб., 2, 832). Рус. пахать в свал — звальваючы насустрач адна адной дзве сумежныя баразны, наўг. пахать на свал ‘разворваць барозны з бульбай праз адну’, укр. палес. свал ‘насыпны ўзгорак’. Да *сваліць ‘зваліць’, магчыма, русізм або графічна адаптаванае звал ‘навал; марэна’ (Ласт.). У адносінах да семантыкі параўн. склад3 (гл.).

*Свалата́, сволота́ ‘агідныя, шкодныя людзі’, сволочу́га ‘нягоднік, нягодніца’ (ТС). З рус. сволота́, сволочу́га, якія ад волоку, волочить, г. зн. ‘тое, што звалочана’; да семантыкі параўн. чэш. sebranka ‘тс’ < sebrati ‘сабраць’.

Сва́нка ‘свацця’ (Нас., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк.), ‘дружка на вяселлі’ (Сл. ПЗБ), сва́нька ‘свацця’ (Сл. ПЗБ, Ян., Скарбы), ‘дружка; пасада на вяселлі’ (Сл. ПЗБ, Кольб.), сва́нькі ‘мацеры жонкі і мужа’ (Мат. Гродз.), сва́нечка ‘сваха’ (Сцеп.). Укр. сва́нька, сва́ненька, сва́нечка, польск. дыял. swania, swanka. Памяншальна-ласкальная форма да сваха, свацця (гл.) з суф. ‑ньк(а).

Сва́рка ‘спрэчка, якая суправаджаецца крыкам, шумам і пад.; лаянка’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), свар, сва́ра ‘тс’ (Нас.; ЛА, 3; Сл. ПЗБ), сва́рба ‘тс’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы), свары́цца ‘спрачацца, крычаць; лаяцца’ (Нас., Касп., Ласт., Бяльк., Варл.), ст.-бел. сваръ (Альтбаўэр). Укр. сва́р(а) ‘сварка’, свари́тиса, рус. сва́ра ‘сварка, варожасць’, свари́ться, ст.-рус. сваръ ‘сварка’, сварити ‘спрачацца’, польск. swar, swarzyč sie, в.-луж. swar, swarić, н.-луж. swariś, палаб. svorĕt, чэш. svářit se, svár ‘сварка’, славац. sváriť sa, svár ‘тс’, славен. svȃr ‘ганьбаванне’, svaríti ‘ганьбаваць, перасцерагаць’, балг. сва́ра ‘сварка, спрэчка’, ст.-слав. сваръ ‘разлад, звадка, сварка’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-ісл. svara ‘адказваць’, гоц. swaran ‘клясціся’, ст.-в.-ням. swerian ‘клясціся, гаварыць пэўна’, лац. sermo ‘размова’, нов.-в.-ням. Schwur ‘клятва’, гл. Траўтман, 296; Фасмер, 3, 569. Прасл. *svarь, *svara, *svariti ад і.-е. кораня *su̯er‑ ‘урачыста гаварыць’. Махэк₂ (594) *svariti спрабуе вывесці з *vaditi (гл. вадзіць) шляхам замены d на r у прыметніку *vadlivъ, адкуль гэтая змена распаўсюдзілася на назоўнік і дзеяслоў. Гл. таксама Борысь, 588–589; Шустар-Шэўц, 1383; БЕР, 6, 534; Бязлай, 3, 345.

Сварыбаба ‘расліна дзераза, Lycopodium’ (Бес.). Польск. swarzybaba ‘тс’, таксама morzybaba, babimor; у чэшскіх гаворках rimbaha, ст.-чэш. rimbaba, але абазначаюць яны адзін з відаў рамонка (Махэк, Jména, 247 і наст.). Відавочна, звязана з баба, але канкрэтныя матывы намінацыі няясныя. Махэк (там жа) мяркуе, што расліна магла мець нейкае лекавае ўздзеянне на “бабу”, г. зн. была лекам пры жаночых хваробах. Аднак беларускае і польскае словы, відаць, ад сварыцца і баба, параўн. сварыбаба ‘непамяркоўны чалавек’ (Сцяш. Сл.) і сведчанне Пяткевіча: Joj ŭsio adno z kim swarycsa <…> jeje za toje nazvali “Swarỳ-Bàba” (Пятк. 2, 261), а таксама ўкр. сварка, сварнік для называння розных раслін, у тым ліку Licopodium clavatum L., вядомага як дзераза (ад *derti, гл.). Украінскія назвы тлумачаць павер’ем, нібыта прысутнасць расліны ў хаце выклікае сварку (ЕСУМ, 5, 186), што, магчыма, грунтуецца на народнаэтымалагічным успрыманні назвы дзераза ці тлумачыцца збліжэннем з сва́рба́ ‘сварка’ (гл. папярэдняе слова).

Сва́стыка ‘знак у выглядзе крыжа з загнутымі пад прамым вуглом канцамі — эмблема германскага фашызму (першапачаткова культавы знак некаторых старажытных рэлігій)’ (ТСБМ). З ням. Swastika ‘тс’, што ўзыходзіць да ст.-інд. svastika ‘сустрэча, весялосць, здароўе’ з su‑ ‘добры’ і asti ‘быць, існаваць’, роднаснага прасл. *(j)estь (гл. ёсць) гл. Майргофер, 3, 637; Сной₂, 713.