Мура́ль ’муляр’ (Гарб., Нас.). Да му́ляр (гл.). Распадабненне р…р > р…л.
Му́рамка — назва гульні «схованкі» (Ян.). Няясна.
Мурані́ца ’цагляны (каменны) дом’ (Шат.). У выніку кантамінацыі мур 1 і камяні́ца (гл.).
Мураўца́ (навагр.), мура́ўка (лях., дзятл.) ’мурава’ (Сл. ПЗБ). Да мур 2 (гл.).
Му́раха ’муравей’ (драг., КЭС і З нар. сл.; малар., стол., Сл. Брэс.), мура́ха ’тс’ (Бес., Дразд.; бяроз., Шатал.), мурахо́уё ’мурашкі’ (рэч., Нар. сл.). Укр. мура́ха ’тс’, ’мурашкі’. Утвораны ад мур‑ы (гл. мурава́ты) пры дапамозе суфікса ‑аха (Слаўскі, SP, 1, 72). Палескае. З семантычным пераносам — мураха ’кузырка’ (Дразд.). Аналагічна ў іншых гаворках: параўн. рус. ярасл. мураша́ ’ўсялякія дробныя кузуркі’.
Мура́шка ’насякомае з атрада перапончатакрылых, Formicidae’ (ТСБМ, Гарэц., Мядзв., Зн., Яруш., Сцяшк., Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), мура́ш ’тс’ (ТСБМ, Нар. Гом.), мура́шкі ’месца, дзе многа мурашыных купін’ (Янк.), мура́шка‑пумпа́шка ’божая кароўка’, рус. арханг. мура́ш ’мурашыны цар’, ярасл. мураша́ ’усялякія дробныя кузуркі’, томск. мурашек ’мурашка’, кіргізск. мура́шка — аб нечым бурым, рыжым; польск. muraszka, muraśka ’мурашкі’ пашырыліся аж на Мазуры з бел. моўнай тэрыторыі (Зданцэвіч, Бел.-польск. ізал., 39). Утворана ад му́раха (гл.) пры дапамозе памяншальнага суфікса ‑ьk‑.
Мура́шнік 1 ’капец зямлі, лісцяў, дзе жывуць мурашкі’ (ТСБМ, Шат., Др.-Падб., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; слаўг., Яшк.), драг. му́рашнык (Лучыц-Федарэц), гродз. мура́жнік, лід. мурашэчнік ’тс’ (Сл. ПЗБ). Да му́раха (гл.). Аб суфіксе ‑нік гл. Сцяцко, Афікс. наз., 117–118.
Мура́шнік 2 ’дзік’ (Нар. Гом.). Да мура́шнік 1. Параўн. аналагічна рус. пск., цвяр., смал., перм. мурав́ейник ’тс’.
Мурашы́вы ’гнілы, спарахнелы’ (маст., Сцяшк. Сл.). У выніку кантамінацыі лексем мурашнік 1 (гл.) і польск. zmurszaty ’збуцвелы’.
Мурга́ць ’міргаць’ (Жд. 1), рус. пск., цвяр. му́ргать ’тс’ можна разглядаць як балтызмы (параўн. літ. murgai, лат. mùrgi ’мроі’, літ. murgsóti ’сядзець зажмурыўшыся’), якія, аднак, утвараліся побач з бел. мі́ргаць, марга́ць (гл.).
Мурдава́цца ’не стаяць на адным месцы, быць неспакойным (аб скаціне), гізаваць’ (Растарг.). Да прасл. mъrdati ’рухаць, варушыць, махаць’ (гл. больш падрабязна Куркіна, ОЛА–1972, 215–219). Гл. морда 1.