Му́шаль ’асадак’ (лід., Сл. ПЗБ). Няясна. Магчыма, да мусака (гл.).
Муша́рына ’лясная трава карычневага колеру’ (глус., Янк. Мат.). Утворана ад му́ха (гл.) пры ад’ідэацыі лексемы віш (вішар, ⁺вішарына). Параўн. таксама мша́ры (гл.).
Мушары́на ’невялікая балоцістая мясцовасць, парослая мохам і альхой’ (палес., Талст.). Да імша́ра (гл.).
Му́шка 1 ’сівец, Nardus stricta L.’ (браг., Шатал.). Да мы́чка 3 (гл.).
Му́шка 2 ’шчацінне на назе каля капыта’ (браг., Шатал.). Да мы́чка 2 (гл.).
Мушкава́ны ’тканіна для саянаў і спадніц з набіўнымі крапінкамі’ (Растарг). Да му́шка < му́ха (гл.).
Мушка́рыць ’муштраваць’ (мсцісл., Юрч. — Полымя, 7, 1987), мушке́рыць ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). З рус. вяц., валаг. мушка́рить ’тс’, ’выхоўваючы, сурова караць’, якое (пры ад’ідэацыі мушка́рь ’вялікі драўляны молат’) з му́шкель ’тс’ < гал. moskuil ’тс’ (пра апошняе гл. Фасмер, 3, 20).
Мушка́т ’хатняя кветка мушкат’ (Бяльк.), відаць, пеларгонія духмяная, Pelargonium graveolens. Названа так паводле падабенства лістоў. Тое ж і ў чэш. мове: muškát ’пеларгонія’ (Махэк, Jména, 108).
Мушкатовы ’мускатны’ (Нас.). Да муска́т (гл.).
Мушкаты́р ’неспакойны, адчайны чалавек’ (Федар. 4). У выніку пераносу семантыкі з ⁺мушке́тыр, якое з польск. muszkietyr ’салдат, узброены мушкетам’. Да мушке́т (гл.).
Мушке́т 1 ’старажытнае буйнакалібернае ружжо з кнотам для запальвання замка’ (ТСБМ, БелСЭ), ’самаробны пісталет’ (Бяльк.). Сучасная форма з рус. мушкет ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 86). Аднак ст.-бел. мушкетъ ’тс’ (1616 г.) запазычана са ст.-польск. muszkiet, якое з франц. mousquet ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 69).
Мушке́т 2 ’бузіна, Sambucus L.’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, ад мушкат, мускат (ст.-бел. мушкатела ’сорт віна і вінаграду’) паводле падабенства (ягады, колер?).
Мушмула́ ’пладовае дрэва Mespilus germanica’ (ТСБМ). Праз рус. мову з тур. muşmula ’тс’.