Меге́ра, міге́ра ’злая, сварлівая жанчына’ (ТСБМ), ’старая, худая жанчына’ (Растарг.), ’пачвара’ (капыл., Жыв. сл.). Праз польск. мову з лац. Megaera — адна з фурый, багінь помсты і захавальніц маральных норм, якое са ст.-грэч. Μέγαιρα.
Меґета́ць ’бляяць (аб авечцы)’ (ганцав., ДАБМ, к. 302). Гукапераймальнае. Да ме́каць 1 (гл.). Параўн. і польск. mektać ’тс’.
Медабра́ня ’медазбор’ (ваўк., Сл. ПЗБ). З польск. miodobranie ’тс’.
Медава́нне ’частаванне пасля пахавання’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), медава́ць ’гуляць вяселле’ (астрав., Сцяшк. Сл.). З польск. miodować (> miodowanie) ’запраўляць мёдам’.
Медаед 1 ’мядзведзь’ (Эр.). Магчыма, вельмі старое ўтварэнне накшталт прасл. medvědь ’тс’, якое да мёд і е́сці (гл.). Параўн. новае рус. сарат. медоед ’аматар мёду’, славен. medojèd ’тс’, балг. медун ’мядзведзь’, а таксама ст.-інд. madh(u)vád ’той, хто есць мёд’.
Медае́д 2 ’лясная паўднёвая птушка атрада вераб’іных’ (ТСБМ) — калька з лац. meliphagidae ’медаеды’.
Меда́ль, мяда́ль ’знак пераважна ў выглядзе металічнага кружка для ўзнагароды’ (ТСБМ, Яруш.). Праз рус. мову запазычана з франц. médaille, якое з італ. medaglia < с.-лац. metallia ’металічная манета’ < лац. metallum ’метал’ (Фасмер, 2, 589; Голуб-Ліер, 307). Формы даўг. мэда́ль, лудз. міда́лек ’медаль’, ’медальён’, дзятл. медалёвы ’які мае колер бронзы’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.) прыйшлі з польск. мовы.
Медані́ца ’падзь’ (дзятл., Сл. ПЗБ). З польск. miodowica, miodanka ’тс’.
Медаўні́ца ’кадушка, кадаўб на мёд’ (чач., Жыв. сл.). Серб.-харв. medovnica ’няктарнік’. Утворана ад прыметніка medvьnъ ’мядовы’. Аб суфіксе ‑іца гл. Сцяцко, Афікс. наз., 110.
Ме́дзены, ме́дзяны, ме́зены, ме́зіны, мі́зіны, мезённы, мезы́ны, ме́зяны, мязя́ны (палец) ’мезенец’ (Касп., ТС; мін., Шн. 2; Кліх, Нас., Растарг.; бялын., Янк. Мат.; лепел., бяроз., КЭС), віц. мезін перст ’тс’ (Шн. 2). Укр. мизи́нний, рус. смал. ме́зе́нный, паўн., пск. мизе́нный, мизи́нный (перст). Польск. miedziany, mieziny, miezinny, mieziany ’тс’. Да прасл. mězinъ, якое звычайна выводзяць з балт. моў: літ. mãžas ’малы’, лат. mazs ’тс’, ст.-прус. massais ’менш’ (Бернекер, 2, 55 і інш. гл. у: Фасмер, 2, 620). Параўн. чэш., славац. malík, серб.-харв. мали прст, макед. малиот прст, балг. малъкият пръет ’мезенец’ (< malý ’малы’). Аб мене з > дз гл. Карскі, 1, 358. Параўн. таксама мезенец. Гл. Мартынаў, Балто-слав.-ит. изогл., 30–31.
Ме́дзіць ’цэліць’ (пух., З нар. сл.). Да ме́ціць 2. Аб азванчэнні ц у інтэрвакальнай пазіцыі гл. Яшкін (там жа, 111).