Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ме́са ’імша’ (ТСБМ). Праз рус. мову запазычана з франц. messe ’імша, абедня’, якое з лац. missa ’пасыланне, даручэнне’ < mittere (дзеепрым. missus ’паслаць’, паводле слоў ксяндза, у канцы месы: ite, missa est ’ідзіце, канец абраду’ або ’ахвяра (пры імшы) ужо паслана (богу)’ (Голуб-Ліер, 324).

Месёнчны ’месячны’ (віл., Сл. ПЗБ). З польск. miesięczny ’тс’ (Мацкевіч, там жа, 3, 59). Карэннае ‑ё‑ з польск. miesiąc [mʼesionc] ’месяц’.

Ме́сік, ме́сяк, ме́сяка, ме́сячка ’месяц (на небе)’ (Нас., Яруш., Бяльк., Растарг., Мат. Гом., Ян., Нар. Гом., жлоб., Нар. словатв., горац., КЭС), смал., пск. ме́сик, ме́сяк. Усх.-бел.зах.-рус. ізалекса. Да ме́сяц (гл.). Суфіксы ‑ік, ‑як надаюць памяншальна-ласкальнае значэнне і, магчыма, з’яўляюцца рэліктамі табуістычнага значэння (задобрывання свяціла).

Месі́я ’пасланец бога, які павінен прыйсці на зямлю і выратаваць род чалавечы ад пакут’ (ТСБМ). Яшчэ ст.-рус. мессия, месия ’тс’ (XII ст.), ст.-бел. месия (XV ст.). Форма месіяш ’тс’ (Нас.), ст.-бел. месияшъ, месиашъ, мессияшъ, месыашъ ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mesyjasz ’месія’, якое праз лац. messīas ад ст.-яўр. māsziāh ’памазаны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 176).

Ме́скасць ’гарадское палажэнне, спосаб жыцця’ (Нас.). Беларускае. Відаць, штучнае ўтварэнне ад мескі ’гарадскі’ < ст.-рус. мѣский < мѣстский < мѣсто ’горад’.

Ме́скі1, ме́ські ’гарадскі’ (Бяльк.), ’местачковы’ (ТС). Ст.-рус. мѣский ’тс’, якое з мѣстский (XVI ст.). Да ме́ста1 (гл.).

Ме́скі2 ’здобны, пышны (аб пірагу)’ (Нар. Гом.). З польск. miejski ’гарадскі’ (якое са ст.-польск. mieśćki) у словазлучэнні chleb miejski ’хлеб з пшанічнай мукі, пытляванай не да канца’.

Ме́снасць ’мясцовасць’ (Ян.). З рус. ме́стность ’тс’.

Ме́сніцтва ’абарона вузкамесніцкіх інтарэсаў’ (ТСБМ). З рус. местничество, якое са ст.-рус. мѣстничество ’сістэма феадальнай іерархіі ў Рускай дзяржаве ў XV–XVII стст., якая рэгулявала адносіны паміж членамі служылых фамілій у залежнасці ад знатнасці роду’.

Ме́ста1, ме́сто, мястэ́чка, месте́чко, місто ’цэнтр мястэчка з будынкамі гандлёвага і адміністрацыйнага прызначэння’, ’рыначная плошча’, ’частка горада за сцяной замка’ (ТСБМ, Грыг., Др.-Падб., Некр., Нас., Сл. Брэс., Яруш., Шн., Бяльк., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ст.-бел. (спачатку) торговое мѣстечко (XVI ст.), потым мѣсто пад уплывам існуючага польск. miasto ’тс’. Ужо ў XV ст. ужывалася мѣсто і място ’горад’ — апошняе з польск. miasto ’тс’, што з’яўляецца калькай з с.-в.-ням. stat ’месца, горад’ (Карскі, Труды, 312, 338; Фасмер, 2, 608; Анічэнка, SlOr, 18 (3), 327; Булыка, Лекс. запазыч., 34). Аналагічна ўкр. мі́сто ’тс’. Аднак ст.-рус. мѣсто, рус. место ’месца’, ’мясцовасць, край’, ’участак зямлі’, ’пасада’, н.-луж. město, чэш. místo, славац. miesto, славен. mẹ́sto, серб.-харв. ме̏сто, макед. место, балг. място, ст.-слав. мѣсто ’тс’, агульнаслав. město, роднаснымі да якога з’яўляюцца, нягледзячы на цяжкасці ў інтанацыйных адносінах: лат. mist ’пражываць’, літ. mìsti ’карміцца’, maĩstas ’харчаванне’, а таксама авест. miϑnaiti ’жыве’, maēϑana ’месца пражывання, жыллё, дом’ (Бартоламэ, 1105; Мацэнаўэр, LF, 11, 170; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 607–608; Махэк₂, 365). Сюды ж ме́сны, месный ’тутэйшы, мясцовы’ (драг., КЭС; Бяльк.).

Ме́ста2 ’паслед, плацэнта’ (слуц., Нар. словатв.; в-дзв., Шатал.; Сл. ПЗБ), беласт. ме́сца ’тс’ (Сл. ПЗБ). Са словазлучэння дзіцячае места < рус. детское место.

Ме́ста3 ’месца’ (Шат.). Магчыма, пад уплывам рус. место ’тс’.

Ме́сца1 ’прастора, пункт, мясцовасць’ (ТСБМ, Касп., Кліх, Янк. I), месцейка ’тс’ (Др.-Падб.), месцечка ’мясцінка’ (Янк. 3.), ст.-бел. мѣстце, мѣстцо ’месца’, ст.-рус. мѣстьце (XV ст.). Да ме́ста1 (гл.).

Ме́сца2 месцо ’рыначная плошча’ (Кліх), ’мястэчка’ (валож., іўеў., навагр., беласт., Сл. ПЗБ). Да месца1. У выніку кантамінацыі бел. месца ’месца’ і места ’горад’.