Ме́ста1, ме́сто, мястэ́чка, месте́чко, місто ’цэнтр мястэчка з будынкамі гандлёвага і адміністрацыйнага прызначэння’, ’рыначная плошча’, ’частка горада за сцяной замка’ (ТСБМ, Грыг., Др.-Падб., Некр., Нас., Сл. Брэс., Яруш., Шн., Бяльк., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ст.-бел. (спачатку) торговое мѣстечко (XVI ст.), потым мѣсто пад уплывам існуючага польск. miasto ’тс’. Ужо ў XV ст. ужывалася мѣсто і място ’горад’ — апошняе з польск. miasto ’тс’, што з’яўляецца калькай з с.-в.-ням. stat ’месца, горад’ (Карскі, Труды, 312, 338; Фасмер, 2, 608; Анічэнка, SlOr, 18 (3), 327; Булыка, Лекс. запазыч., 34). Аналагічна ўкр. мі́сто ’тс’. Аднак ст.-рус. мѣсто, рус. место ’месца’, ’мясцовасць, край’, ’участак зямлі’, ’пасада’, н.-луж. město, чэш. místo, славац. miesto, славен. mẹ́sto, серб.-харв. ме̏сто, макед. место, балг. място, ст.-слав. мѣсто ’тс’, агульнаслав. město, роднаснымі да якога з’яўляюцца, нягледзячы на цяжкасці ў інтанацыйных адносінах: лат. mist ’пражываць’, літ. mìsti ’карміцца’, maĩstas ’харчаванне’, а таксама авест. miϑnaiti ’жыве’, maēϑana ’месца пражывання, жыллё, дом’ (Бартоламэ, 1105; Мацэнаўэр, LF, 11, 170; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 607–608; Махэк₂, 365). Сюды ж ме́сны, месный ’тутэйшы, мясцовы’ (драг., КЭС; Бяльк.).

Ме́ста2 ’паслед, плацэнта’ (слуц., Нар. словатв.; в-дзв., Шатал.; Сл. ПЗБ), беласт. ме́сца ’тс’ (Сл. ПЗБ). Са словазлучэння дзіцячае места < рус. детское место.

Ме́ста3 ’месца’ (Шат.). Магчыма, пад уплывам рус. место ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)