Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ме́ра, ме́рка ’адзінка вымярэння (мера збожжа ў 20 гарнцаў; круглая пасудзіна з клёпак для сыпкіх цел ≈ 1 пуд; краўцоўскі метр; лубянка; для ручнога абмервання палеткаў; памер за памол у млыне)’, ’велічыня, ступень’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сцяц., Шат., Мат. Гом., Нас.; кір., Нар. сл.). Укр. мі́ра, рус. ме́ра, польск. miara, н.- і в.-луж. měra, чэш. míra, славац. miera, славен. mẹ́ra, серб.-харв. мје̏ра, макед. мера, балг. мяра, ст.-слав. мѣра. Прасл. měra. Утворана ад і.-е. асновы *mē‑ пры дапамозе суфікса ‑ra. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãtas, mãstas, ст.-інд. māti ’мерае’, mátram, mátrā ’мера’, лац. mētior ’мераю’, ст.-грэч. μητίς ’рада, розум’, μητιάω ’раблю выснову’, гоц. mēla ’меха — мера збожжа’, mot ’год’, літ. mẽtai ’тс’, ст.-в.-ням. meʒʒan ’мераць’, māa ’мера’ (Бернекер, 2, 50; Траўтман, 179; Мее, 404; Фасмер, 2, 600; Скок, 2, 437; Бязлай, 2, 178; Шустар-Шэўц, 12, 899; Чайкіна, РР, 1972, 2, 112–114). Сюды ж ме́раць, ме́рыць ’вызначаць велічыню, колькасць, ацэньваць’, ’надзяваць для прымеркі’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ме́рны ’рытмічны’, ’сярэдні паводле сілы, памераў’ (ТСБМ, Нас., ТС), ме́ршчык ’той, хто мерае’ (Нас.), ме́рыцца ’меціць, намервацца’ (ТСБМ).

Ме́рат ’нерат’ (Бяльк.). Да не́рат (гл.). Аб мене н > м гл. Карскі, 1, 324.

Ме́рат2 ’д’ябал’ (Уласт). Рус. наўг., цвяр. ме́рет ’тс, нячысцік’. З рус. ме́рек: пск., цвяр. ’трызненне’, ’прывід, здань’, вяц. ’д’ябал’, зах.-рус. мере́кать ’здавацца, уяўляцца’, перм. мерещить ’тс’, вяц. меречить ’намервацца рабіць благое’, балг., макед. мера́к ’моцнае жаданне да чаго-небудзь, цяга, ахвота’. Можна меркаваць, што ‑т у выніку спарадычнага чаргавання ўзыходзіць да ‑k‑ (*мерекʼ > *меретʼ > ме́рат). Да прасл. merk‑/mьrk. Роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. mérkti ’жмурыцца’, лат. mir̃kšţêt ’маргаць’, гоц. maurgis ’ранак’ (Фасмер, 2, 602 і 605). Паводле Уласта (Крывіч, 4, 1923, 30), звязваецца з мара́1.

Ме́рва1 ’твань, балота’ (ТС), мерва́ ’вязкае, зыбучае балота’ (лельч., Талст.), укр. жытом. ме́рва, мʼе́рва, марва́, нерва́, нʼерва́ ’разрэджаны вадой чорны ніжні грунт’, ме̑рвʼісті ’мулкі’ (ЛАПП). Балтызм. Параўн. літ. mer̃kti, sumarkýti, лат. mḗrkt, mḗrcêt ’мачыць’, mḗrks ’невялікая сажалка на лузе’. Утворана пры дапамозе суфікса ‑ва, як дрыгва́, ад асновы merk‑. Апошні зычны ‑k‑ мог выпадаць (як у мерва) або пераходзіць у ‑х‑ (гл. ме́рхалаць ’тс’).

Ме́рва2, івац. мэ́рва ’жамерыны, адходы пры тапленні воску’ (іўеў., Сл. ПЗБ), бяроз. мэ́рва ’тс’ (Шатал., Сл. Брэс.). Укр. ме́рва, ме́рвисько ’мятая, пацёртая салома, атава’, ’дрэнь, непатрэбнае’, ровенск. ме́рва ’недаедзеныя рэшткі грубага корму’, рус. пск. мерва́ ’дробныя адыходы пры трапанні льну’, мазав. mierzwa ’тс’, польск. ’мятая салома’, ’дробны гной’, луж. mjerwa, чэш. mrva ’тс’, славац. mrva ’труха’, славен. mŕva ’сена’, ’труха’, ’кавалак’, серб.-харв. мр̏ва ’кавалак’, макед. мрва, мрвка ’тс’, ’мякіш хлеба’, балг. мърва ’кавалачак мяса’, ст.-слав. мръвица ’кавалак’. Прасл. mьrva, якое, відаць, з’яўляецца роднасным да літ. marvà, mervà ’сумесь розных рэчаў, прадметаў’ і, магчыма, літ. marvà ’гурба, турма, натоўп, чарада’, ст.-в.-ням. mara ’рыхлы, далікатны’, ст.-ісл. merja ’раздрабіць, растаўчы’, ірл. meil ’мяккі, трухлявы’, уэльск. merv ’тс’, ст.-грэч. μαραίνω ’драблю’ (Фрэнкель, 413; Бязлай, 2, 204; Мацэнаўэр, LF, 10, 344). Брукнер (334) і Скок (2, 472) узводзяць лексему да і.-е. асновы *mer‑ ’расціраць’, пашыранай фармантам ‑u̯a. Махэк₂ (381), беручы пад увагу першаснае значэнне ’мятая (салома)’, прасл. mьrva, mьrviti збліжае з с.-в.-ням. werren ’мяць, кудлаціць, замотваць’, якое кантамінавала з іншым чэш. mruiti se, в.-луж. mjerwić so ’кішэць’ (параўн. і славац. mruiť ’мяць, крышыць, перабіраць, варушыцца, шавяліцца’). Мартынаў (вусн. паведамл.) дапускае, што гэта кельтызм, параўн. кельц. merb‑ (< merv‑) у с.-ірл. ro‑merblig ’кішэць’.

Ме́ргель ’асадкавая горная парода (з гліністых мінералаў, кальцыту і даламіту)’, слаўг. мэргель, мэрге́ль ’тс’ (ТСБМ, Яшк.), мергелява́ць запазычаны з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 82), у якой з новав.-ням. Mergel ’тс’ < с.-в.-ням. mẹrgil, с.-н.-ням. mergel з с.-лац. margila < лац. marga ’тс’ з кельц. моў, параўн. брэт. marg, уэльск. marl (Клюге₁₂, 387; Вальдэ, 369; Фасмер, 2, 600).

Мерд ’мужчына’ (Гарб.). Іранізм. Параўн. яцвяжск. mard ’чалавек’ < ’смяротны’, а таксама перс. merd ’тс’ (< ст.-перс. martiya ’чалавек’).

Мерзлата́ ’прамёрзлы стан глебы’ (ТСБМ). Як навуковы тэрмін узята з рус. мерзлота ’тс’. Да ме́рзнуць (гл.).

Ме́рзнуць ’адчуваць холад’, ’гінуць ад марозу’, ’рабіцца халодным, дубець’ (ТСБМ, Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), мёрзлы ’зацвярдзелы, сапсаваны ад марозу’, ’вельмі халодны’ (ТСБМ). Укр. ме́рзнути, рус. мёрзнуть, ст.-рус. мьрзнути, польск. marznąć, каш. mʼařǫc, н.-луж. marznus, в.-луж. mjerznyc, чэш. mrznout, славац. mrznuť, славен. mŕzniti, серб.-харв. мр̏знути, макед. мрзне, балг. мръзна, ст.-слав. мръзнѫти. Прасл. mьrznǫti, якое з’яўляецца інхаатывам ад mьrzěti: ст.-бел. меръзки(й), меръзокъ (спачатку) ’халодны’, потым ’гадкі, агідны, брыдкі, непрыстойны’ (Булахаў, Гіст., 130–131), рус. мерзкий, серб.-харв. мр̏зак, чэш., славац. mrzký, mrziti і г. д., аснова якога з’яўляецца другой ступенню кораня morz‑ (гл. мароз). Зычны ‑z‑ у ёй узыходзіць да і.-е. *‑g̑‑ у аснове *merg̑‑, параўн. ірл. meirc ’згорнуты ў складкі’, с.-в.-ням. murc > новав.-ням. morsch ’гнілы, стары, трухлявы, паморхлы’ (Скок, 2, 472–3). Аб прагерм. marzjan — пранікненні з прасл. mьrzěti, morziti гл. Мартынаў (Лекс. взаим., 218–220). Гл. таксама мерзці.

Ме́рзці, ме́рзьці ’мерзнуць’ (Шат.) — другаснае ўтварэнне ад ме́рзнуць (гл.) па аналогіі да ўмерці, дзерці, адперці, жэрці — дзеясловаў з асновай на плаўную зычную.

Меркава́ць, міркава́ць, міркува́ць, міргова́ць, міргува́ць, мірґова́ць, мярґава́ць, пін. мэрґоваті, драг. мырґува́тэ ’думаць, разважаць, раіцца, абмяркоўваць, рабіць дапушчэнні’, ’мець намер’, ’рабіць заключэнне’, ’прыкідваць’, ’разлічваць, планаваць’, ’камбінаваць’, ’старацца ўхапіць што-небудзь’, ’патрапляць’, ’мірыць’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Нас., Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., ТС, Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, Сцяц., свісл., Сцяшк. Сл.), ’меркавацца, разлічваць, прыстасоўвацца, ладзіць, дамаўляцца, дзяліцца’ (Нас., Юрч.; карэліц., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ). Ст.-бел. мерковати, мярковати ’меркаваць’ (XVI ст.). Запазычаны са ст.-польск. miarkować ’мерыць, рэгуляваць’, ’стрымліваць, утаймоўваць’, ’параўноўваць’, miarkować się ’ладзіць, размяркоўвацца’, якое з с.-в.-ням. ці новав.-ням. merken ’разумець’, ’адзначаць’, ’браць пад увагу’, ’назначаць (бялізну)’, ’запамінаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 132; Кюнэ, Poln., 77).

Меркаце́ць ’мармытаць’ (Бяльк.), міркітаць ’тс’ (жлоб., Жыв. сл.), укр. миркота́ти, миркати, моркоті́ти, рус. моркота́ть, польск. morkotać ’тс’. Паўн.-слав. гукапераймальнае ўтварэнне mьrk‑/mъrk‑. Параўн. таксама меркітава́ць (гл. наступнае слова).