Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мжа ’дробны дождж’ (Ян., Растарг.; віл., КЭС; шчуч., Сцяшк. Сл.), мжак, мжа́ка (Багд., Мядзв., Касп., Мат. Гом., Ян.), мжа́вка (беласт., Сл. ПЗБ), мжачка (круп., Жыв. сл.), мжун (чач., Мат. Гом.), мжыць ’накрапваць (аб дробным дожджыку)’ (Растарг.). Да імжа́1, імжы́ць (гл.).

Мжыць ’заплюшчыць вочы’, мжы́цца ’змыкацца, заплюшчвацца’, ’мроіцца, здавацца’ (Нас., Яруш.). Укр. мига́тися, мигну́тися ’мроіцца, здавацца’, ’здацца’, ’мільгаць’, польск. mżyć, mżeć ’міргаць (вачыма)’, ’драмаць’, ’склейвацца (пра вочы)’, ’глядзець, нібы праз туман’, mżonki ’паўсон’. Да прасл. migati > міга́ць (гл.) (Брукнер, 351) ’хутка рухацца туды-сюды’ > ’міргаць вачыма, калі надыходзіць сон’ (параўн. літ. miegóti ’спаць’) > ’бачыць праз сон нешта час-ад-часу’ > ’здавацца, мроіцца’.

Мжэль ’імгла’ (усх.-гом., КЭС), ’дробны дождж’ (Растарг.). Беларускае. Да імжы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑эль < прасл. ‑elʼь гл. Слаўскі, SP, 1, 108.

Мжэнь ’імжа’ (ветк., Мат. Гом.). Да імжы́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38.