Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ме́ка (дзіцячае) ’мядзведзь’ (Янк. 2, Сцяшк.), рус. смал. ’нячысцік, якім у цемры палохаюць дзяцей’, ст.-рус. мека ’мядзведзь’, ц.-слав. мечька, чэш., ст.-слав. мечька ’тс’, серб.-харв. ме̏чка ’мядзведзіца’, макед. мечар, балг. мечка, мечкон, мечкун, мечок, мечор ’мядзведзь (самец)’. Ме́ка ад мечка, якое з’яўляецца скарочанай табуістычнай формай ад medvědь (Бернекер, 2, 30; Брукнер, KZ, 43, 307; Фасмер, 2, 613). Мена d > č, як t > č у чэш. kočka (ад kot) ’кошка’ (БЕР, 3, 777–8).

Меќалка ’коцік на дрэвах’ (Янк. 2). Відаць, да мека ’мядзведзь’. Аналагічны семантычны пераход ’назва звера’ > ’коцік на дрэвах’ назіраецца ў бел. коцік, польск. kotka, славен. mačica, ням. Kätzchen, якія звязаны з ’кот’, чэш. jehněda — з ’ягнё’.

Ме́каць1 ’бляяць, крычаць (аб цялятах, козах, авечках)’ (Янк. 2, ТС; рэч., Мат. Гом.). Укр. ме́кати, чэш. mekati ’тс’, серб.-харв. ме́кати, ме́чати ’тс’. Прасл. mekati, якое да і.-е. гукапераймальнай асновы *meq: літ. mekénti, meknóti, mekčinoti ’заікацца’, ’мекаць’, ’бляяць’, арм. mak​ci ’авечка’, ст.-грэч. μηκάς ’каза’. Сюды ж (паводле Скока, 2, 402), магчыма, і паўд.-слав. мечка ’мядзведзь’, што, аднак, звязана з семантычнымі цяжкасцямі (Бернекер, 2, 30, 32; Фасмер, 2, 594 і 613–614). Махэк₂ (358) лічыць, што гукапераймальныя формы ў слав. мовах узніклі самастойна.

Ме́каць2 ’разважаць, думаць’ (Бяльк.), рус. ме́кать, мека́ть ’тс’, ’прыгадваць, адгадваць’, ’лічыць’. Не зусім яснае слова. Бернекер (2, 33) суадносіць яго са ст.-грэч. μέδομαι ’маю на ўвазе’, μήδομαι ’прыдумваю’, лац. meditor ’думаю’, ірл. midiur ’тс’, уэльск. meddwl ’дух, розум, думка’, гоц. mitôn ’абдумваць’, Фрэнкель (IF, 51, 150) — з літ. mẽklinti ’мераць, узважваць, абдумваць’, лат. meklêt ’шукаць’. Брукнер (KZ, 48, 196) выводзіць рус. мекать з ме́тить ’цэліць’ (Фасмер, 2, 594).

Мекашэўя, мекішэўя ’мышцы’ (віл., чэрв., Сл. ПЗБ). Утворана ад мя́кіш (< мяккі) < прасл. mękyšь і суфіксаў ‑ev‑ьje.

Мекіта́ць ’знаходзіцца ў стане цечкі (пра авечку)’ (ашм., Сл. ПЗБ). У выніку кантамінацыі лексем мекаць1 і меркітаваць (гл.). Параўн. чэш. вал. mrkotat ’тс’.

Ме́кнуцца ’ўпасці раптоўна’ (Ян.). Гукапераймальнае. Да шмяк, шмякнуцца (гл.).

Ме́кшаны ’біты’ (Ян.). Да мякаць3 ’біць’ (гл.).

Мекята́ць ’крычаць па-казінаму’ (Грыг.), мекета́ць ’бляяць (пра авечку)’ (ТС). Ад абстрактнага прасл. mekotъ/meketь, якое з mekati > мекаць1 (параўн. чэш. mek(o)tati, серб.-харв. мекѐтати ’бляяць’).