Мя́кіш, мекі́ш, мя́куш, мякі́ш, мʼякі́ш, ме́кіш, мя́каш, мня́кіш, мякі́шык, мякі́шка ’мяккая частка чаго-небудзь’, ’мышца’, ’лытка’, ’сцягно’, ’кончыкі пальца’ (ТСБМ, Нас., Растарг., Янк. 2, Вешт., Грыг., Касп., Бяльк.; полац., Нар. сл.; івац., жлоб., Жыв. сл.; карэліц., Шатал.; Сл. ПЗБ), ганц. ’мяккая частка лечанага хлеба’, барыс. ’насенная частка гарбуза’ (Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’мяккае месца пад капытом у каня, каровы’ (ТС), ’чалавек уразлівы, слабавольны’ (Нар. Гом.); мяку́шак, мя́кушка ’кончык, пупышка пальца’, мякі́шка ’мочка вуха’, мякі́ша́ ’мяздра ў гарбузе’ (чачэр., ветк., Мат. Гом.; бых., Мат. Маг.; Юрч.), мякі́шы ’мускулы’ (рэч., гом., Мат. Гом.), мʼя́кішэк ’мочка вуха’ (ТС). Рус. мя́ки́ш, мяку́ш, польск. miękisz ’мякіш’, чэш. měkkýs ’малюск’, ’рак без панцыpa’, ’мяккі мергель’, серб.-харв. мѐкиш ’мяккі плод’, ’від рака’, балг. мекиш ’мякаць’, ’груша’. Прасл. mękyšь, якое да mękъ‑kъ > мяккі (гл.). (Бернекер, 2, 43; Траўтман, 184; Фасмер, 3, 29; Махэк₂, 358; Скок, 2, 401).
Мякі́ш, мекі́ш ’мяккая вільготная трава’ (Янк. 2), жытк. мекішы́ ’покрыва з мяккай травы на нізкіх месцах, у далінах’ (Яшк.), мяку́ха, мяку́ша, мяку́шка ’мяккая трава, атава’ (докш., Янк. Мат.; полац., Нар. лекс.; брасл., Сл. ПЗБ). Рус. наўг. мяку́шка ’канюшына’, ’сакавітая трава’, чэш. měkkýš ’мяккая трава’, балг. банск. мекѝш ’маладая мяккая трава’, в.-луж. mjakuš ’мятліца’. Прасл. mękyšь, mękušь. Да mękъ‑kъ > мяккі. Аб суфіксах гл. Слаўскі, SP, 1, 78; 79.