Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Медабра́ня ’медазбор’ (ваўк., Сл. ПЗБ). З польск. miodobranie ’тс’.

Медава́нне ’частаванне пасля пахавання’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), медава́ць ’гуляць вяселле’ (астрав., Сцяшк. Сл.). З польск. miodować (> miodowanie) ’запраўляць мёдам’.

Медаед1 ’мядзведзь’ (Эр.). Магчыма, вельмі старое ўтварэнне накшталт прасл. medvědь ’тс’, якое да мёд і е́сці (гл.). Параўн. новае рус. сарат. медоед ’аматар мёду’, славен. medojèd ’тс’, балг. медун ’мядзведзь’, а таксама ст.-інд. madh(u)vád ’той, хто есць мёд’.

Медае́д2 ’лясная паўднёвая птушка атрада вераб’іных’ (ТСБМ) — калька з лац. meliphagidae ’медаеды’.

Меда́ль, мяда́ль ’знак пераважна ў выглядзе металічнага кружка для ўзнагароды’ (ТСБМ, Яруш.). Праз рус. мову запазычана з франц. médaille, якое з італ. medaglia < с.-лац. metallia ’металічная манета’ < лац. metallum ’метал’ (Фасмер, 2, 589; Голуб-Ліер, 307). Формы даўг. мэда́ль, лудз. міда́лек ’медаль’, ’медальён’, дзятл. медалёвы ’які мае колер бронзы’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.) прыйшлі з польск. мовы.

Медані́ца ’падзь’ (дзятл., Сл. ПЗБ). З польск. miodowica, miodanka ’тс’.

Медаўні́ца ’кадушка, кадаўб на мёд’ (чач., Жыв. сл.). Серб.-харв. medovnica ’няктарнік’. Утворана ад прыметніка medvьnъ ’мядовы’. Аб суфіксе ‑іца гл. Сцяцко, Афікс. наз., 110.

Ме́дзены, ме́дзяны, ме́зены, ме́зіны, мі́зіны, мезённы, мезы́ны, ме́зяны, мязя́ны (палец) ’мезенец’ (Касп., ТС; мін., Шн. 2; Кліх, Нас., Растарг.; бялын., Янк. Мат.; лепел., бяроз., КЭС), віц. мезін перст ’тс’ (Шн. 2). Укр. мизи́нний, рус. смал. ме́зе́нный, паўн., пск. мизе́нный, мизи́нный (перст). Польск. miedziany, mieziny, miezinny, mieziany ’тс’. Да прасл. mězinъ, якое звычайна выводзяць з балт. моў: літ. mãžas ’малы’, лат. mazs ’тс’, ст.-прус. massais ’менш’ (Бернекер, 2, 55 і інш. гл. у: Фасмер, 2, 620). Параўн. чэш., славац. malík, серб.-харв. мали прст, макед. малиот прст, балг. малъкият пръет ’мезенец’ (< malý ’малы’). Аб мене з > дз гл. Карскі, 1, 358. Параўн. таксама мезенец. Гл. Мартынаў, Балто-слав.-ит. изогл., 30–31.

Ме́дзіць ’цэліць’ (пух., З нар. сл.). Да ме́ціць2. Аб азванчэнні ц у інтэрвакальнай пазіцыі гл. Яшкін (там жа, 111).

Медзь, міедь, мідь ’вязкі і коўкі метал чырванаватага колеру’, ’выраб з медзі’, ’медныя грошы’ (ТСБМ; драг., КЭС; Бес.). Укр. мідь, рус. медь, польск. miedź ’медзь’, н.-луж. měź ’тс’, ’бронза’, ’латунь’, в.-луж. mjedź ’руда’, а значэнне ’медзь’ — з чэш. мовы (Шустар-Шэўц, 12, 920); чэш. měď, славац. meď ’медзь’, славен. mẹ̑d ’медзь’, ’латунь’, серб.-харв. mjȅd, макед., балг. мед, ст.-слав. мѣдь ’медзь’. Прасл. mědь не мае генетычна блізкіх і.-е. адпаведнікаў. Яе збліжаюць са ст.-ісл. smiðr, ст.-в.-ням. smid ’каваль’, з ірл. mēin(n) ’метал руды’, ст.-грэч. σμίλα ’нож для вырэзвання’ (Міклашыч, 194; Аткупшчыкоў, Из истории, 157). Бернекер (2, 46) параўноўваў яе з ц.-слав. смѣдь ’цёмны, шэры’. Больш падрабязна літаратуру гл. Фасмер (2, 591), Покарны (697). Абаеў (Зб. Младэнаву, 321) выводзіць лексему mědь з назвы краіны Мідзія са ст.-іран. Māda‑ праз ст.-грэч. іян. Μηδία, з якой медзь іянійцы прывозілі ў свае калоніі на Чорным моры (Ольвія і інш.). Аналагічна лац. cuprum ’медзь’ < ст.-грэч. Κύπρος ’Кіпр’. Сюды ж медзякі ’медныя грошы’ (Яруш., ТСБМ) (відаць, з разм. рус. медяки), ме́дны, медзя́ны, медзяні́сты ’які мае адносіны да медзі: зроблены з медзі, падобны колерам на медзь або да іншых каляровых металаў’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ме́дзень ’медны кацёл’ (паўд.-усх., КЭС).

Медзюля́н ’тоўсты, непаваротлівы’, мідзюля́н ’тс’, медзюля́нскі сабака (Нас., Бяльк.), медзяля́н ’свавольнік’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). З польск. medelan, (pies) medelański ’паляўнічы сабака, з якім хадзілі на мядзведзя’, якое ад назвы г. Мілана — Mediolana < гальск. Mediolanum ’пасярод поля’ (Насовіч, 283; Брукнер, 327), — з гэтага раёна Паўночнай Італіі паходзілі вялікія паляўнічыя сабакі. Неверагодна Карскі (Труды, 390), які тлумачыў лексему уплывам літ. слоў з коранем med‑ ’лес’: medė́jas ’паляўнічы’, medìnis ’дзічына’.