Медзюля́н ’тоўсты, непаваротлівы’, мідзюля́н ’тс’, медзюля́нскі сабака (Нас., Бяльк.), медзяля́н ’свавольнік’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). З польск. medelan, (pies) medelański ’паляўнічы сабака, з якім хадзілі на мядзведзя’, якое ад назвы г. Мілана — Mediolana < гальск. Mediolanum ’пасярод поля’ (Насовіч, 283; Брукнер, 327), — з гэтага раёна Паўночнай Італіі паходзілі вялікія паляўнічыя сабакі. Неверагодна Карскі (Труды, 390), які тлумачыў лексему уплывам літ. слоў з коранем med‑ ’лес’: medė́jas ’паляўнічы’, medìnis ’дзічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)