Ме́дзены, ме́дзяны, ме́зены, ме́зіны, мі́зіны, мезённы, мезы́ны, ме́зяны, мязя́ны (палец) ’мезенец’ (Касп., ТС; мін., Шн. 2; Кліх, Нас., Растарг.; бялын., Янк. Мат.; лепел., бяроз., КЭС), віц. мезін перст ’тс’ (Шн. 2). Укр. мизи́нний, рус. смал. ме́зе́нный, паўн., пск. мизе́нный, мизи́нный (перст). Польск. miedziany, mieziny, miezinny, mieziany ’тс’. Да прасл. mězinъ, якое звычайна выводзяць з балт. моў: літ. mãžas ’малы’, лат. mazs ’тс’, ст.-прус. massais ’менш’ (Бернекер, 2, 55 і інш. гл. у: Фасмер, 2, 620). Параўн. чэш., славац. malík, серб.-харв. мали прст, макед. малиот прст, балг. малъкият пръет ’мезенец’ (< malý ’малы’). Аб мене з > дз гл. Карскі, 1, 358. Параўн. таксама мезенец. Гл. Мартынаў, Балто-слав.-ит. изогл., 30–31.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)