Ме́рва 1 ’твань, балота’ (ТС), мерва́ ’вязкае, зыбучае балота’ (лельч., Талст.), укр. жытом. ме́рва, мʼе́рва, марва́, нерва́, нʼерва́ ’разрэджаны вадой чорны ніжні грунт’, ме̑рвʼісті ’мулкі’ (ЛАПП). Балтызм. Параўн. літ. mer̃kti, sumarkýti, лат. mḗrkt, mḗrcêt ’мачыць’, mḗrks ’невялікая сажалка на лузе’. Утворана пры дапамозе суфікса ‑ва, як дрыгва́, ад асновы merk‑. Апошні зычны ‑k‑ мог выпадаць (як у мерва) або пераходзіць у ‑х‑ (гл. ме́рхалаць ’тс’).
Ме́рва 2, івац. мэ́рва ’жамерыны, адходы пры тапленні воску’ (іўеў., Сл. ПЗБ), бяроз. мэ́рва ’тс’ (Шатал., Сл. Брэс.). Укр. ме́рва, ме́рвисько ’мятая, пацёртая салома, атава’, ’дрэнь, непатрэбнае’, ровенск. ме́рва ’недаедзеныя рэшткі грубага корму’, рус. пск. мерва́ ’дробныя адыходы пры трапанні льну’, мазав. mierzwa ’тс’, польск. ’мятая салома’, ’дробны гной’, луж. mjerwa, чэш. mrva ’тс’, славац. mrva ’труха’, славен. mŕva ’сена’, ’труха’, ’кавалак’, серб.-харв. мр̏ва ’кавалак’, макед. мрва, мрвка ’тс’, ’мякіш хлеба’, балг. мърва ’кавалачак мяса’, ст.-слав. мръвица ’кавалак’. Прасл. mьrva, якое, відаць, з’яўляецца роднасным да літ. marvà, mervà ’сумесь розных рэчаў, прадметаў’ і, магчыма, літ. marvà ’гурба, турма, натоўп, чарада’, ст.-в.-ням. mara ’рыхлы, далікатны’, ст.-ісл. merja ’раздрабіць, растаўчы’, ірл. meil ’мяккі, трухлявы’, уэльск. merv ’тс’, ст.-грэч. μαραίνω ’драблю’ (Фрэнкель, 413; Бязлай, 2, 204; Мацэнаўэр, LF, 10, 344). Брукнер (334) і Скок (2, 472) узводзяць лексему да і.-е. асновы *mer‑ ’расціраць’, пашыранай фармантам ‑u̯a. Махэк₂ (381), беручы пад увагу першаснае значэнне ’мятая (салома)’, прасл. mьrva, mьrviti збліжае з с.-в.-ням. werren ’мяць, кудлаціць, замотваць’, якое кантамінавала з іншым чэш. mruiti se, в.-луж. mjerwić so ’кішэць’ (параўн. і славац. mruiť ’мяць, крышыць, перабіраць, варушыцца, шавяліцца’). Мартынаў (вусн. паведамл.) дапускае, што гэта кельтызм, параўн. кельц. merb‑ (< merv‑) у с.-ірл. ro‑merblig ’кішэць’.