Ме́рзнуць ’адчуваць холад’, ’гінуць ад марозу’, ’рабіцца халодным, дубець’ (ТСБМ, Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), мёрзлы ’зацвярдзелы, сапсаваны ад марозу’, ’вельмі халодны’ (ТСБМ). Укр. ме́рзнути, рус. мёрзнуть, ст.-рус. мьрзнути, польск. marznąć, каш. mʼařǫc, н.-луж. marznus, в.-луж. mjerznyc, чэш. mrznout, славац. mrznuť, славен. mŕzniti, серб.-харв. мр̏знути, макед. мрзне, балг. мръзна, ст.-слав. мръзнѫти. Прасл. mьrznǫti, якое з’яўляецца інхаатывам ад mьrzěti: ст.-бел. меръзки(й), меръзокъ (спачатку) ’халодны’, потым ’гадкі, агідны, брыдкі, непрыстойны’ (Булахаў, Гіст., 130–131), рус. мерзкий, серб.-харв. мр̏зак, чэш., славац. mrzký, mrziti і г. д., аснова якога з’яўляецца другой ступенню кораня morz‑ (гл. мароз). Зычны ‑z‑ у ёй узыходзіць да і.-е. *‑g̑‑ у аснове *merg̑‑, параўн. ірл. meirc ’згорнуты ў складкі’, с.-в.-ням. murc > новав.-ням. morsch ’гнілы, стары, трухлявы, паморхлы’ (Скок, 2, 472–3). Аб прагерм. marzjan — пранікненні з прасл. mьrzěti, morziti гл. Мартынаў (Лекс. взаим., 218–220). Гл. таксама мерзці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)