Не́рат ’рыбалоўная прылада з лазовых дубцоў або сеткі’ (Нас., Гарэц., Маш.; бых., Рам.; бабр., Шн., Анік., Бяльк., Шат., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’рыбалоўнае начынне звычайна з лазовых пруткоў у выглядзе доўгага кошыка з лейкападобнай адтулінай і без крылляў’ (Яшкін, З жыцця, 128), ’жак без крылляў’ (Дэмб.), нерат альбо норат ’спецыяльнае рыбалоўнае прыстасаванне, звязанае з шнуркоў з гнутымі драўлянымі рабрынамі ўсярэдзіне, з адтулінай спераду, што звужаецца ў адну кропку’ (Мядзв.), не́рэт, неро́та ’рыбалоўная стаўная пастка з адным глухім заходам (з нітак або лазовая)’ (Крыв.), няро́та ’тс’ (Сержп. Грам., 51), неро́та ’сплеценая з лазы снасць на ўюноў’ (ТС), не́рат ’спецыяльная сетка для лоўлі рыбы і птушак’ (Шат.), но́рат ’рыбалоўная прылада’ (полац., Шн.), ’від рыбалоўнай прылады; вераўчаная сетка браць сена ў дарогу’ (Касп.), на́рат, нарот, нярот, но́рат ’тс’ (Сл. ПЗБ), нераток ’вяровачны мяшок для сена каню ў дарогу’ (Сцяшк. Сл.), укр. не́рет ’від рыбалоўнай сеткі’, рус. не́рот, неред, нерёд, нереда, нерёда, нерёто, норот ’тс’. Звязваюць з літ. nérti ’вязаць, плесці’, nerinỹs ’вяроўка, сетка’, лат. nor̂ts ’від сеткі’ (параўн. Буга, 2, 503; Бязлай, 2, 227), пра што сведчыць і семантыка беларускіх слоў, у тым ліку ’прыстасаванне для сушкі снапоў’ (Нар. сельскагасп. тэхн. беларусаў. Мн., 1974, 60); параўн. це́нято ’рыбалоўная сетка’ (*tęti ’вязаць’); у сувязі з гэтым, відаць, больш аддаленая сувязь з укр. не́рти, нру ’даваць нырца’, рус., ц.-слав. поньрѣти, поньру ’апускацца ў ваду’ і пад., гл. Фасмер, 3, 65, хаця ў літ. nérti аб’яднаны абодва значэнні: ’вязаць’ і ’даваць нырца’. Гл. таксама Варбат, ОЛА, 1975, 132–136.