Ме́сяц, ме́сіц, ме́сец, ме́січык, ме́сячка, ме́сячак, ме́сячко, ме́сечык, ме́січак, ме́сечок, ме́сячык, ветк. ме́сячка, стол. мі́сац, драг. мі́сяц(ь) ’планета, найбліжэйшая да Зямлі’, ’12‑я частка астранамічнага года’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Кліх, Янк. 1, Бяльк.; бых., Янк. Мат.), ’рагалік на вясельным караваі’ (Маш.). Укр. мі́сяць, рус. ме́сяц, польск. miesiąc, н.-луж. mjasec, в.-луж. měsac, чэш. měsíc, славац. mesiac, славен. mẹ̑sec, серб.-харв. мје̏сец, макед., балг. месец, ст.-слав. мѣсѧць. Прасл. měsęcь, якое, паводле Махэка₂ (360), мела значэнне як ’месяц-свяціла’, так і ’месяц (30 дзён)’. І.‑е. *mēs‑ (< *mēns‑): літ. mė́nuo, mė́nesis, лат. mēnesis ’месяц’, mēness ’30 дзён’, ст.-прус. menins ’свяціла’, гоц. mēna ’тс’, mēnōþs ’30 дзён’, лац. mēnsis ’тс’, ст.-грэч. μήν ’тс’, іян., ат. μείς < *μενς < μηνς, дар. μής ’тс’, μήνη ’свяціла’; алб. muai, ірл. mī, ст.-інд. mās‑ (mā́sas) ’месяц’, авест. må, новаперс. māh, тах. A mañ, тах. B meñe, арм. amis ’месяц’. Слав. měsęcь разглядалася этымолагамі як аснова mē‑, пашыраная элементамі ‑n‑ і ‑es‑ (як у балт. мовах), якая прысутнічае ў лексеме мера (měra): месяц мерае час. Суфікс *‑ko‑ (> ‑ьcь) у *měsenьcь той жа, што і ў лексемы sъlnьce, і ўся лексема носіць табуістычны характар (задобрыванне). Гл. Бернекер, 2, 51; Траўтман, 179; Шпехт, KZ, 66. 53; Мее, 336; Фасмер, 2, 608–609; Скок, 2, 437–438; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 755–756. Развадоўскі (Rozprawy, 25, 425) прапануе прыняць першапачатковае значэнне ’які мяняецца’ і выводзіць лексему měsecь з і.-е. асновы *mei̯‑/*moi̯‑ ’мена’. Непераканаўча. Як і Трубачоў (ВЯ, 1980, 3, 5), які выводзіць з і.-е. *menyos ’менш’. Атрэмбскі (Балто-слав. сб., 186–192) лічыць, што слав. měsęcь і балт. mė́nuo з’яўляюцца варыянтамі аднаго і таго ж славяна-балтыйскага слова (< і.-е. *mē(n)s).
Ме́сяц 2 ’від танца’ (кап., Жыв. сл.; Інстр. III). З рус. ме́сяц з назвы песні «Чудный месяц», на матыў якой танец выконваўся.