Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Му́ха, муха́, му́шка ’двухкрылае насякомае, Musca’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС); шальч., круп. ’пчала, Apis mellifera’ (Сл. ПЗБ), ’крапінка’, ’частка прыцэльнага прыстасавання агнястрэльнай зброі’ (ТСБМ). Укр., рус. му́ха, польск., н.-, в.-луж. mucha, чэш. moucha, славац. múcha, славен. múha, серб.-харв. му̀ха, му̀ва, му̏шица, макед. мува, мувичка, балг. муха́, ст.-слав. моуха, мъшица. Прасл. mucha чаргаваннем галоснай звязана з mъšъka > мошка (гл.). І.‑е. адпаведнікі літ. mùsė, лат. mũsa, muša, лац. musca, ст.-грэч. μυῖα (< mus‑ja), алб. mizë, myzë, арм. mun (< mus‑no). Да і.-е. *mū‑/*mūs‑ ’муха’ (Міклашыч, 206; Траўтман, 191; Мюленбах-Эндзелін, 2, 673; Фасмер, 3, 19; Махэк₂, 376; Покарны, 752; Бязлай, 2, 205). Сюды ж: мухаві́к ’полаг ад мух’, му́шнік ’папера-ліпучка’, му́шына ’адна з мноства мух’ (Касп.), мухабойка (паст., Сл. ПЗБ). Значэнне ’пчала’ ёсць у чэш., польск., серб.-харв. мовах, як і ў франц. (mouche à miel) — табу. Параўн. аналагічна паўд.-усх. муха свята ’пчала’ (КЭС).

Мухава́ць ’сварыцца’ (слонім., Сцяшк. Сл.), серб.-харв. му̏хати ’ўпарціцца, злавацца’. Бел.-серб.-харв. ізалекса. Да му́ха (гл.).

Мухамор, мухомо́р, мухамо́ра, мохомо́ра, мухомо́ра ’ядавіты грыб, Amanita muscaria’ (ТСБМ, Маш., Касп., Бес., Янк. 1, Бяльк., Шат., ТС). Укр., рус. мухомор, польск. muchomór, muchomorka, чэш. muchomůrka, славац. muchomôrka, muchomúrka, muchomorka, серб.-харв. мухо̀мора. Прасл. muchomorъ. Да му́ха і мары́ць (гл.). Аналагічна славац. muchotravka (< tráviť ’атручваць’).

Му́харанка ’мухамор’ (івац., Нар. сл., Жыв. сл.), лун. му́хорана (Шатал.). Да му́ха і ра́ніць (гл.): калісьці была распаўсюджана думка, што мухаморам можна вынішчваць мух; яго рэзалі ў малако і «атручвалі» мух. Сюды ж брэсц. муха́рка, мухаронка ’тс’ (Сл. Брэс.).

Мухну́ць ’прапасці’ (зэльв., Сцяшк. Сл.). Відаць, да му́ха (гл.). Параўн. выраз згінуць, як муха, г. зн. ’вельмі хутка прапасці’.

Муховікі ’грыбы махавікі’ (бар., Сл. ПЗБ). Ад махаві́к < мох (гл.).