Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мум ’глухое бурчанне’, ’бурчанне мядзведзя’ (паўн.-усх., КЭС). Гукапераймальнае. Параўн. аналагічнае літ. mū́mauti ’раўці з перапынкамі, бляяць’, mū̃mė ’карова’ (дзіцяч.).

Му́ма1 ’маўклівы чалавек, нелюдзень’ (Растарг.; міёр., З нар. сл.), польск. сувалк. muma ’панурая дзяўчына’. Літуанізм. Параўн. літ. mūmė̃, maũmas ’маўчун’ (Зданцэвіч, LP, 1960, 8, 344–345).

Му́ма2 ’ўяўная змрочная істота, якою палохалі дзяцей’ (Растарг.), польск. mumacz ’нячысцік, які жыве ў студні’, сувалк. muma ’нячысцік, якім палохаюць дзяцей (што ён залезе ім у валасы)’. Балтызм. Параўн. літ. mùmas, maũmas, maumà, maũmė ’мэма, страшыдла, жупел’. Гэтак жа Зданцэвіч, LP, 8, 1960, 344–345.

Мума́к ’нарост на дубовых пнях’, мума́шка ’грыб, што расце на дрэве — з яго робяць трут’ (Бяльк.). Відаць, балтызм. Параўн. літ. maũmas ’соплі’, ’вош’ (дзіцячае слова).

Мума́шка ’порхаўка, Lycoperdon perlatum’ (касцюк., Жыв. сл.). Відаць, генетычна ўзыходзіць да літ. maũmas, maumà, mùmas ’страшыдла’.

Му́мія ’бальзамаваны труп’, ’худы, не здатны да моцных пачуццяў чалавек’ (ТСБМ). Запазычана праз рус. мову, у якой з ням. Mumie < італ. mummia або і праз польск. мову (mumia), у якую слова прыйшло са ст.-франц. mumie (> франц. momie). Першакрыніцай лічыцца перс. mūmijā < mom, mūm ’воск’ (Варш. сл., 2, 1068) або араб. mômija. (Фасмер, 3, 9).

Му́мліць ’жаваць з закрытым ротам’ (Растарг.), ’есці бяззубым ротам’ (Бяльк.), драг. му́млятэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц). Рус. му́млить ’тс’, ’неразборліва гаварыць, мямліць’, польск. mumlać, memlać, каш. mumlac ’паволі жаваць’, н.-луж. mumliś, в.-луж. mumlić, mumolić ’жаваць з цяжкасцю’, чэш. mumlati, славен. mumljáti ’бурчэць’, серб.-харв. му̀мљти, му̀млати ’мармытаць’. Гукапераймальнае (Бернекер, 2, 75; Мацэнаўэр, LF, 11, 162; Фасмер, 3, 9). Паводле Махэка₂ (383), магчыма, з прасл. mъrmlati, mъrmъlati, якія таксама гукаперайманні. Сюды ж бар. мумля́цца ’здзеквацца’ (Сл. Брэс.).

Му́мра, момра ’маўклівы, негаваркі, пануры чалавек’ (ТС, Сцяц.; беласт., Сл. ПЗБ; слонім., Нар. словатв.), навагр. мумрава́ты ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Відавочна, балтызм. Да му́ма1 (гл.).

*Мумрыта́ць, драг. мумрыта́ты ’мямліць’ (Клім.). Роднаснымі да яго Клімчук (ЛП, 16) лічыць серб.-харв. му̀млати, му̀мљати, мр̀мљати ’мармытаць’, балг. мъ́мря ’дакараць, сварыцца’. Да мумрыць (гл.). Утворана ад назоўніка з суфіксам ‑otъ. Гл. таксама му́мрыць.

Му́мрыць ’раздражнёна, незадаволена гаварыць пад нос’ (Сцяц.), ’паціху парыкваць (аб карове)’, ’гугнявіць’ (ТС), ’мармытаць’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), мумрыну́ты ’прамармытаць’ (Клім.), драг. мумрыта́ты ’мармытаць’ (З нар. сл.), момрыць ’невыразна гаварыць’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), рус. валаг. му́мрить, укр. мимрати, мимрити, польск. mumrzeć, чэш. mumrati. Старое анаматапеічнае ўтварэнне, роднаснае да мумліць (гл.) (Бернекер, 2, 75; Фрэнкель, 419; Фасмер, 3, 9; Бязлай, 2, 194).

Муму́каць ’рыкаць’ (Корбай, КТС). Ад му‑му‑у! (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 79).