Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Муж ’жанаты мужчына ў адносінах да сваёй жонкі’, ’дзеяч у якой-небудзь галіне’ (ТСБМ, Маш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Яруш., Пан. дыс.), му́жні, му́жны, му́зькі ’ўласцівы мужу’, ’мужчынскі’, ’храбры, рашучы, вытрыманы, статны’, мужне́ць ’рабіцца дарослым, больш мужным, развівацца’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп.). Укр., рус. муж; ст.-рус. мужъ, мужь ’мужчына’, ’знакаміты, важны, вольны чалавек’, польск. mąż, н.-, в.-луж. muž, чэш., славац. muž, славен. mǫ̑z, серб.-харв. му̑ж, макед. маж, балг. мъжъ́т, ст.-слав. mѫż. Прасл. mǫžь лічыцца роднасным са ст.-інд. mánuṣ (mánu‑, mánuṣ) ’мужчына, чалавек’, авест. manuš‑, гоц. manna, ст.-ісл. maðr, лац.-герм. Mannus — імя прабацькі германцаў, фрыгійск. Μάνης — роданачальнік фрыгійцаў < і.-е. *manu‑/*monu‑ (Траўтман, 169; Мее, 209, 354; Фрыск, 1, 83; Фасмер, 2, 670–671; Покарны, 1, 700; Бязлай (М. Сной), 2, 198–199). Мартынаў (Язык, 56) мяркуе, што прасл. mǫžь з’яўляецца іран. інгрэдыентам у прасл. мове (з іран. manuš, якое аформілася пад уплывам прасл. мадэлі, параўн. vǫžь, gǫžь). Жураўлёў (Тезисы докл. Междунар. симп. по пробл. этимол., историч. лекс. и лексикограф. M., 1984, 12) аспрэчвае гэта, спасылаючыся на тое, што слав.-скіфск. пранікненні мелі месца за 1500 год да падзення рэдукаваных. Гл. таксама Шаўр (Etymologie, 17–18).

Мужаве́нь ’малады, жанаты мужчына’ (Касп.). Да муж (гл.) > прыметнік мужаў. Аб суфіксе ‑авень са значэннем ’носьбіт адзнакі’ гл. Сцяцко, Афікс. наз., 143.

*Му́жаскае сэ́рца, стол. му́жэское сэ́рцэ ’лілея кучаравістая, Lilium margaton L.’ (Бейл.). Названа паводле формы ліста.

Мужа́тка ’замужняя кабета’ (Нас.), ст.-бел. мужатка ’тс’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. mężatka ’тс’.

*Мужлава́ць, мужлова́ць ’дрэнна есці, рыцца ў ежы (напр., аб свінні)’ (ТС). Няясна. Магчыма, балтызм. Параўн. mū́žlioti ’мучыць’.

Му́жнасць ’рыса характару, у якой спалучаюцца храбрасць, рашучасць, вытрымка’ (ТСБМ), укр. му́жність ’тс’. Ст.-бел. мужность ’тс’. Уласна ст.-бел. (Анічэнка, Праблемы філал., 10). Да муж > му́жны (гл.).

Мужскі́ падарожнік ’трыпутнік ланцэталісты, Plantago lanceolata L.’ (лельч., Нар. лекс.). З рус. мужской ’мужчынскі’. Параўн. мужчы́нскі сардэчнік ’буйміна лугавая, Cardamine pratensis L.’ (Бейл.).

Мужурна́ ’поўны, тоўсты, здаровы’ (міёр., З нар. сл.), драг. мужурно, мужурнэ́ско ’грубы, нязграбны здаровы мужчына’. Да муж (гл.). Аб суфіксе ‑ур‑ гл. Сцяцко, Афікс. наз., 174; ‑н‑о́ таксама надае экспрэсіўны характар, напр., драг. пічно́ ’вялікая, але халодная печ’. Аналагічна рус. ‑л‑о́: мужло́ ’неадукаваны, грубы, некультурны чалавек’.

Мужчы́зна ’мужчына’ (ашм., смарг., воран., трак., шальч., Сл. ПЗБ). Паўкалька з польск. mężczyzna ’тс’.

Мужчы́на, драг. мушчэ́на ’асоба мужчынскага полу’, ’мужны чалавек’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ; міёр., Нар. словатв.; драг., КЭС), ласк. мужчы́нка ’тс’ (Шат.). Рус. арханг. мужчи́на (ж. р.) ’тс’, ’селянін’, карэльск. (КАССР) мужчи́нья ’мужчыны’, польск. mężczyzna ’мужчына’, ст.-польск. mężczyzna (зб.) ’мужчыны’. Паўн.-слав. Да муж (гл.). Утворана ад прыметніка mǫžьskъ (Брукнер, 327) і суфікса ‑in‑а (бел. ‑ін‑а — гл. Сцяцко, Афікс. наз., 203), ст.-рус. мѫжьщина. Параўн. рус. том. мужски́ ’мужчыны’.