Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Муфлон ’дзікі горны баран, які сустракаецца на астравах Міжземнага мора, Ovis musimon Schreb’. (ТСБМ), ’нязграбны чалавек’ (смарг., Сцяшк. Сл.). Кніжны тэрмін, запазычаны з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 88); у гаворках, відаць, з польск. muflon ’муфлон’, якое з франц. mouflon < італ. mufflone ’тс’.

Му́фта1 ’адкрыты з двух бакоў цёплы мяшочак для сагравання рук’ (ТСБМ), му́хта ’тс’ (драг., КЭС; Бяльк.). Запазычана з польск. mufta або з рус. му́фта, якія з гал. mouwtje < mouw ’рукаў’ (Мацэнаўэр, LF, 10, 348; Фасмер, 3, 18). Канец слова аформлены паводле кофта.

Му́фта2 ’прыстасаванне, якое служыць для злучэння канцоў труб, валаў, стальных канатаў’ (ТСБМ). З ням. Muffe ’тс’. Аформлена паводле муфта1 (гл.).