Махаві́к1 (слаўг.), махаві́ца ’месца (у лесе), якое парасло мохам’ (Яшк.; чэрв., Нар. лекс.; віл., Сл. ПЗБ). Утворана ад махавы́. Да мох (гл.).

Махаві́к2, мохові́к, махо́вік, муховы́к, моховы́й грыб ’махавік (жоўта-буры, зялёны), імшарнік: Suillus variegatus Sw., Xerocomus subtomentosus L., Boletus chrysenteron Bull.’ (ТСБМ, Дэмб. 1, Грыг., Сержп. Грам., Шат., Бяльк., Касп., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС, Нар. словатв.), кобр. моховы́к ’баравік, Suillus variegatus’. У выніку намінацыі са словазлучэння з прыметнікам махавы́. Да мох (гл.). Матывацыя: дадзеныя грыбы растуць на амшарах. Параўн. таксама амховік ’махавік’ (Сержп. Грам.). Аналагічна моховікі́ ’людзі, што жывуць сярод балот’ (ТС).

Махаві́к3 ’ніжняя частка ганчарнага круга’ (Інстр. II), ’кола вялікага дыяметра з масіўным вобадам, якое забяспечвае раўнамерны рух механізма’ (ТСБМ). Укр. рус. маховик. Усходнеславянскае. Балг. маховик з рус. мовы. Утворана ад прыметніка ма́хавы (ма́ховый).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)