Морда1 ’пярэдняя частка галавы жывёлы’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.; лід., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (Нас., Бес., Яруш., Шат., Сл. Брэс.; Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ; хойн., капыл., КЭС), ’шчака’ (ТС; пін., Сл. Брэс.), марда́ць ’надзяваць наморднік’ (Крыў., Дзіс.), марда́чы ’мардаты’ (лід., Сл. ПЗБ), мардач ’удар па твары’ (Растарг.), мардахлы́ст ’п’яніца’, марда́сты ’таўстагубы, таўстаморды’ (Нас.), мардагля́д ’люстэрка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. морда, рус. морда, усх.-польск., мазавецк., паўн.-малапольск. morda ’морда свойскіх жывёл’. Паводле Бартоламэ (440), запазычана з іран. мовы (параўн. авест. ka‑mərəδa ’агідная галава’) і з’яўляецца роднасным да ст.-інд. mūrdhán‑ ’лоб, галава, вяршыня’, англасакс. molda ’галава’, ст.-грэч. βλωθρόσ ’які высока падняўся’ (Фасмер, 2, 652–653); Пізані (Paideia, 9 (4–5), 1954, 312) дапускае роднаснасць слав. морда з лац. mordēre ’кусаць, грызці, есці, жэрці’ і інш. Курціна (ОЛА–1972, 215–217), прымаючы пад увагу семантычныя адносіны рада слоў у зах. і паўд.-слав. мовах з асновай mъrd‑ ’хутка рухацца’ → ’крыўляцца’ → ’грымаса’, а таксама сінанімію ст.-рус. мордати і моркати ’крыўляцца’, выказвае дапушчэнне аб роднаснасці ўсх.-слав. морда і славен. mȓd ’грымаса’ і аб спрадвечнай агульнасці асноў mъrk‑/mъrd‑/mъrg‑, якія развіліся з кораня mъr‑ < і.-е. *mer‑ (Покарны, 1, 733). Яшчэ раней Краўчук (БЛ, 6, 79) выказаў меркаванне, што слав. морда не іранізм, а слав. пеяратыўнае ўтварэнне ад дзеяслова тыпу славен. mrdati ’махаць, варушыць’ > mrda ’грымаса’ > ’скрыўленая фізіяномія’. Сюды ж ст.-бел. мордка ’грашовая адзінка’ (Юрэвіч–Яновіч, Зб. Крапіве, 297).

Морда2 ’лазовы кош для лоўлі рыбы’ (гродз., Сцяшк. Сл.), брэсц. ’аднагорлавы буч з дубцоў або з дранак’ (Браім, 61). Рус. паўн. мо́рда, морда́ ’нерат, венцер, буч’, а таксама ме́рда, мерёда, якія з уграфінскіх моў, параўн. карэльск. merta, эст. mōrd, ліўск. mørda ’буч’ (Праабражэнскі, 1, 556; Каліма, 164; Фасмер, 2, 601 і 653).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)