Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ба́йка1 ’казка, басня, небыль’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк.), ’гаворка, мова’ (Хрэст. дыял., 333). Рус. ба́йка, укр. ба́йка і г. д. (гл. Шанскі, 1, Б, 12–13). Слав. bajьka, вытворнае з суфіксам ‑ьka ад *bajati ’гаварыць; вядзьмарыць’. Махэк₁, 22; Слаўскі, 1, 25. Ужо ў ст.-бел. мове: ’казка, басня, выдумка’ (Нас. гіст.), ’выдумка’ (Бярында, 5).

Ба́йка2 ’саматканая спадніца’ (Бяльк.), спадніца, сатканая з ільну і сукна’ (ДАБМ, 934), ба́йка ’від тканіны’, рус., укр. ба́йка. Запазычанне з польск. baja, bajka ’тс’ (< гал., ням. baai, Boi < лац. badius светла-карычневы’). Гл. Фасмер, 1, 107; Шанскі, 1, Б, 12. Параўн. баёвік (баечка, баю́ўка).

Байкатава́ць. Запазычанне з польск. мовы (польск. bojkotować да bojkot, гл. байко́т). Гл. Крамко, Гіст. мовы, 2, 143. Аб запазычанні сведчыць суфіксацыя дзеяслова (параўн. рус. бойкоти́ровать).

Ба́йкаць1 ’укалыхваць, люляць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’пагаворваць’ (Нас.). Рус. ба́йкать ’тс’. Утварэнне ад выклічніка бай‑бай, што азначае «ўкалыхванне дзяцей», і вядомага ва ўсіх усх.-слав. мовах (з тыповым у адвыклічнікавых утварэннях суфіксам ‑к). Ёль (IF, 57, 11) лічыць бай‑бай (як і англ. bye, bye ’тс’) гукапераймальным. Аднак не выключаецца сувязь з слав. *bajati ’гаварыць’ (гл. ба́іць), параўн. Брандт, РОБ, 18, 28. Фасмер (1, 106, 140) дапускае абедзве магчымасці.

Ба́йкаць2 ’гаварыць што-н., плявузгаць’ (Юрч.), ’пагаворваць’ (Гарэц., Нас.). Рус. ба́йкать ’тс’. Утварэнне суфіксам ‑к‑ (частым у эмацыянальных дзеясловах) ад *bajati ’гаварыць’ (гл. ба́іць). Суфікс ‑к‑ у слав. мовах меў значэнне фарманта дэмінутыўнасці ў дзеясловах (захаваўся як прадуктыўны, напр., у зах. гаворках укр. мовы, у зах. і паўд.-слав. мовах). З апошняй літ-ры гл. Чарнецкі, Мовознавство, 1970, 5, 42–48.

Ба́йкі (прым.) прыгожы, харошы’ (Інстр. лекс., Сцяшк. МГ). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки (ба́йка) ’нядрэнны’ і польск. bajki ’тс’. Цяжка сказаць, адкуль паходзіць гэта слова. Зыходзячы з геаграфіі (зах.), магчыма, запазычанне з польск. мовы, дзе гэты выраз вельмі пашыраны ў гаворках. Карловіч (1, 38) адносіць польск. bajki да bajka ’дробязь, глупства, лухта’ (параўн. ба́йка1).

Ба́йкі (прысл.) ’многа’ (Сцяшк. МГ), ’надта многа, вельмі’ (Інстр. лекс.), нішто сабе’ (Бесар.). Гэтаму прыслоўю, бясспрэчна, звязанаму з ба́йкі (прым.), ёсць дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки, ба́йка (прысл.) ’нядрэнна, нічога сабе, не бяда’ і ў польск. мове (bajki). Зыходзячы з геаграфіі слова ва ўсх.-слав. мовах (толькі зах. гаворкі) і з пашырэння яго ў польск. мове, можна думаць пра запазычанне (з польск.).

Байко́т (БРС). Рус. бойко́т, укр. бойко́т. З англ. boycott або ням. Boykott (< англ.). Назва ўзнікла ў англ. мове па імені капітана Байкота, якога «байкаціравалі» фермеры. Гл. Фасмер, 1, 185; Клюге, 94. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 152–153.

Баймана расліна Cardamine L., буйміна’ (Кіс., Інстр. II). Іншая назва буймі́на. Няма ў рус. і ўкр. мовах. Назва невядомага паходжання (у іншых мовах таксама няма ніякіх верагодных адпаведнасцей).

Байра́к1 ’сухое рэчышча ў яры’ (Яшкін), таксама буйра́к (ст.-бел. байрак ’сухое рэчышча’, з XVII ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. баера́к, буера́к, байра́к, боера́к, бара́к ’яр, роў і г. д.’, укр. байра́к, байра́ка ’лясок у яру і г. д.’ Відаць, запазычанне з цюрк. моў: тур. bayir ’узгорак, грудок, схіл гары (парослы дрэвамі)’, карай, bajrak ’гара, узгорак’. Гл. Фасмер, 1, 104, 231 (там і агляд літ-ры). Аб далейшым развіцці значэння гэтага слова гл. пад байра́к2.

Байра́к2 ’месца, зарослае бур’янам’ (Булг.). Мабыць, вынік дэградацыі геаграфічнага тэрміна байра́к (гл. байра́к1) на беларускай тэрыторыі (аб магчымых прычынах гл. пад байра́к3). Але параўн. і польск. дыял. baraki ’густыя зараснікі’.

Байра́к3 ’дрэннае, пустое’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10: Адна́ хво́я до́бра, смалі́ста, друга́я — байра́к). Як відаць з кантэксту, справа ідзе аб дрэнным дрэве. Параўн. польск. bajrak ’кручкаватая сасна’. Відаць, рэзультат дэградацыі слова байра́к ’яр’ (гл. байра́к1). Развіццё семантыкі: ’яр, яр з лесам, борам’ → ’лес, бор’ → ’дрэвы пэўнага выгляду’ (адносна хістання значэння ў слове байра́к гл. Талстой, Геогр., 101). Паколькі Беларусь і Польшча знаходзяцца на перыферыі пашырэння геаграфічнага тэрміна байра́к, то там лёгка развіваюцца другасныя, пераносныя значэнні.

Байра́к4 ’склеп’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10). Відавочна, трансфармацыя слова бара́к ’барак’ (да фанетыкі параўн. рус. дыял. байрак ’бальнічны барак’).

Байра́к5 ’благі чалавек’ (Булг.). Няяснае слова. Можна думаць пра запазычанне з цюрк. моў. Параўн. укр. дыял. байра́к ’сабака-аўчарка’ (< тур.), балг. бара́к ’лахматы сабака або чалавек; брудны чалавек’ (< тур. barak, гл. Макарушка, Словар, 4; БЕР, 1, 33). Аднак, магчыма, ёсць сувязь і з байра́к3 (’дрэннае дрэва’ → ’дрэннае, пустое’ → ’дрэнны чалавек’).

Байра́м ’магаметанскае свята — Новы год’ (ужо ст.-бел.; Нас. гіст., Гіст. лекс., 140; Булыка, Запазыч.), рус. байра́м (ст.-рус. баграмъ, багримъ, байрамъ), укр. байра́м. Запазычанне з цюрк. моў. Параўн. тур. bayram ’тс’ і г. д. Фасмер, 1, 108; Локач, 16; параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 13.

Байстру́к1 бастру́к ’пазашлюбнае дзіця’ (Бяльк., Нас., Касп., Шат., Маш., Сцяшк. МГ, БРС); байструкі ’кураняты, якіх курыца выседзела тайком’ (Інстр. III). Рус. бастрю́к, бастры́к, бастро́к, байстрю́к, байстры́к, укр. байстрю́к, байстру́к, ба́йстер, бастрю́к. Запазычанне з польск. bajstruk (< с.-в.-ням. bastard < лац. bastardus ’тс’). Фасмер, 1, 139; Рыхардт, Poln., 32; Кюнэ, Poln., 42.

Байстру́к2 бастру́к ’кароткае бервяно, якое кладзецца ў прасценак паміж вокнамі; кавалак бервяна, якім нарошчваюць бярвенне ў сцяне; адлегласць паміж бэлькамі’ (Шушк.). Метафарычнае ўжыванне слова байстру́к1. Да семантычнага пераходу параўн. укр. копи́л ’байструк; бэлька, слупок’, рус. байстры́к ’байструк; жардзіна, якой прыціскаюць сена’.

Байсялі́ць ’гаварыць недарэчнае’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969 (4), 131; карэліц.). Паводле аўтараў артыкула, звязваецца з літ. báisioti ’палохаць’. Вельмі няпэўная этымалогія. Хутчэй можна думаць пра кантамінацыю дзеяслова ба́іць, ба́яць (гл.) з нейкім іншым словам. Адносна суфікса ‑с‑ параўн. укр. байса́ ’пустая размова, плявузганне’.