Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бабёр ’бабёр, бабровае футра’, бабра́к ’бабёр’ (Шат.). Рус. бобр, бобёр, укр. бобе́р, бібр, польск. bóbr, чэш. bóbr, балг. бо́бър, бъ́бър, бе́бер, ст.-серб. bobr і г. д. Прасл. bobrъ, bebrъ, bьbrъ ’бабёр’. Роднаснае літ. bebrùs, bẽbras, bãbras, лат. bębrs, ст.-прус. bebrus, ст.-в.-ням. bibar, лац. fiber, ст.-іран. bawra‑ ’тс’ і г. д. І.‑е. *bhe‑bhru‑ ’карычневы’ (рэдуплікаваная форма), параўн. ст.-інд. babhrúṣ ’карычневы’. Гл. Бернекер, 47; Траўтман, 28–29; Фасмер, 1, 180–181; Слаўскі, 1, 40; Фрэнкель, 38; БЕР, 1, 60; Махэк₂, 59 і інш.

Бабзды́р ’бабнік’ (Нас., Бяльк.). Сувязь з ба́ба ’жайчына’ бясспрэчная, але ўтварэнне не вельмі зразумелае. Параўн. бабзно́ ’баязлівец’, ’натоўп жанчын’ і ўкр. бабзде́ля ’старая, смярдзючая баба’. Аснова бабзд‑, да якой далучыўся суф. ‑ыр, магла ўтварыцца гаплалогіяй.

Бабзно́ ’баязлівец’, ’натоўп жанчын’ (Нас.). Мабыць, з *бабздно (параўн. бабзды́р) да пейаратыўнай асновы бабзд‑ ’баба’, якая ёсць і ва ўкр. мове (бабзде́ля старая, смярдзючая баба’).

Бабі́зна1 ’спадчына ад бабулі’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Укр. баби́зна, польск. babizna ’тс’. Утварэнне ад ба́ба1 (гл.) суфіксам ‑izna (параўн. otьčizna), які выступаў з абстрактным значэннем, што часта канкрэтызавалася (і тады націск пераходзіў на першы склад суфікса ‑izna). Утварэнне babizna1, як бачым, ёсць толькі ў некаторых слав. мовах.

Бабі́зна2 ’вялікі баязлівец’, ’высакарослая жанчына’ (Нас.). Суф. ‑izna ўтвараў абстрактныя і калектыўныя назоўнікі, што часта канкрэтызаваліся, а ў некаторых мовах атрымлівалі і пейаратыўнае значэнне (параўн. і ст.-польск. mężczyzna — калектыўны назоўнік, які пазней стаў азначаць адну асобу; Брукнер, 327). Бел. слову дакладна адпавядаюць: чэш. babizna ’агідная, брыдкая, злосная баба, старая жанчына’, славац. babižna, babizeň ’старая або агідная жанчына, баба’. Аб пейаратыўнай функцыі ‑izna гл. Оберпфальцэр, Rod, 157.

Ба́бік1 ’вабік для курапатак’ (Маш.). Вытворнае ад дзеяслова ба́біць ’вабіць’ (гл.).

Ба́бік2 ’шпакоўня’ (Сцяшк. МГ). Па паходжанню, мабыць, ідэнтычнае ба́бік1 (гл.): *’домік для прываблівання птушак’. Аднак не выключаецца і сувязь з дзеясловам ба́біць ’цешыць, няньчыць, цацкацца’.

Ба́бін мур ’расліна Lycopodium annotinum L., Lycopodium clavatum L., дзераза гадавая, дзераза звычайная’ (Кіс.), бабій мур (Нас.). Запазычанне з польск. babimór ’Lycopodium clav. L.’ і г. д. (іншая яго назва morzybaba). Махэк (Jména rostl., 247) лічыць, што польская назва расліны адлюстроўвае лячэбныя і магічныя яе ўласцівасці (магчыма, звязаныя з лячэннем жаночых хвароб).

Бабін сон ’расліна Crocus Heuffelianus Herb., шафран Гейфеля’ (Бейл.). Іншыя назвы: сон, соннік. Бясспрэчна, гэта назва не першапачтаковая, а перанесеная з іншай расліны. Сон, акрамя ’Crocus’, азначае ’Pulsatilla pratensis’ (таксама сон-трава, сончык, гл. Кіс.). Параўн. укр. сон, сонник ’Pulsatilla’, рус. сон, сон‑дрема ’Pulsatilla’ (таксама сонник, самсончики). Параўн. яшчэ назвы для Anemone: сасо́нік (Шат.), сон-трава (Бяльк.), укр. сон (Макавецкі, Sł. botan.). Як відаць, назвы тыпу сон ужываюцца для абазначэння аж трох раслін (Anemone, Crocus, Pulsatilla). Для Anemone параўн. яшчэ польск. sasanki, sesenki, sasenki, sesanki, чэш. sasanka, балг. дыял. сасан(к)а, съсън, сънкотка, сън‑сън‑котка, для Pulsatilla — серб.-харв. саса, чэш.-мар. sis, sisì, sesí, sosí (гл. Махэк, Jména rostl., 47). Паводле народнага павер’я, жывёлы і людзі, палізаўшы корань Pulsatilla, засынаюць (гл. Нейштадт, Определитель, 257). Магчыма, адсюль і назва. Але можна думаць і пра іншую матывацыю. Расліны роду Anemone ў час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, якія звешваюцца ўніз (нібы спяць). Але не выключаецца, што ўсе гэтыя здагадкі не маюць сэнсу. Можна таксама думаць, што мы тут маем нейкую старажытную назву невядомага паходжання, толькі адаптаваную, трансфармаваную з ад’ідэацыяй да ўсх.-слав. слова сон (параўн. прыведзеныя: бел. сончык, сасонік, рус. сонник, самсончики, чэш. sasanka, sisí, sesí, sosí, польск. sesenki, sasenki і г. д., серб.-харв. са́са, балг. сасан(к)а, съсън, съсънка і г. д.). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 66–67.

Бабін цвет ’расліна Plantago major L., трыпутнік вялікі’ (Кіс.). Паколькі іншыя назвы расліны бабка (гл.) звязваюцца з прасл. абазначэннем жанчыны — baba, babъka (ба́бка ’лекі баб-знахарак’), то і гэты выраз, відаць, такога ж паходжання (бабін цвет ’кветка, цвет бабы-знахаркі’). Параўн. чэш. babí list (Махэк, Jména rostl., 218). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 67.

Бабі́на ’касета’. Рус. бобина, укр. бобіна. Новае запазычанне з франц. bobine ’шпулька’.

Бабіна душыца ’расліна Origanum, Origanum vulgare, мацярдушка’ (Нас., Кіс.), таксама душанка, мацярдушка, мацержанка, мацеранка і г. д. (Кіс.). Рус. души́ца, ду́шка, материнка і г. д., укр. душиця, душинка, духовий цвіт, душниця, материнка, материска (гл. Макавецкі, Sł. botan., 250). Падобныя назвы і ў іншых славян (параўн. серб.-харв. бабина дубчица, боља душица; Сіманавіч, 329). Вельмі часта Origanum мае аднолькавыя назвы з Thymus ’чабор’. Параўн. для апошняга бел. мацярдушка, мацержанка, укр. материдушка, материна душка, материнка і г. д. (Макавецкі, Sł. botan.). Да бел. назваў для Origanum вельмі падобныя серб.-харв. і балг. назвы для Thymus: серб.-харв. душинка, мајчина душица, материнка і асабліва для Thymus serpyllum: бабина душа, бабина душица, бабља душа (душица), бабја душа (душица), бакина душица і г. д. (Сіманавіч, 467–468), балг. бабина душица (БЕР, 1, 23). Параўн. таксама (для Thymus) чэш. mateřídouška, mateří dúška, славац. materina dúška, ст.-польск. macierzą duszka (Махэк, Jména rostl., 202). Новатны (SP (Brno), 13 (A12), 35–36) спасылаецца на лац. (VII ст.) matris animula «Thymus» і лічыць, што назвы тыпу mateřídouška — пераклад з лац. У аснове назвы ляжыць уяўленне (вядомае з фальклору) пра душу памерлай маці, якая вяртаецца да дзяцей у выглядзе кветкі. Можна меркаваць, што і бел. назва для Origanum такога ж паходжання («душа бабулі»). Не вельмі пераконвае думка Даля і Мяркулавай, Очерки, 139–140, што назвы тыпу душица, душка і г. д. — вытворнае ад дух, душистый («пахучая расліна»). Здаецца, што гэта пазнейшая ад’ідэацыя. Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 66.