Бо́бер ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Параўн. укр. назвы: бабру́н, бабру́на, бабару́нка, бабри́ська, бобру́нка, бобору́нка, бобруни́ця і г. д., якія звычайна звязваюць з укр. дзеясловам ба́брати(ся) ’пэцкаць; вазіцца’ (Рудніцкі, 46; перад тым як паляцець, божая кароўка нібы доўга возіцца). Фанетычна немагчымая сувязь з бедр‑ ’божая кароўка’ (насуперак Махэк₂, 50, і Каламіец, Мовознавство, 1967 (3), 50–51). Паколькі сувязь з дзеясловам бабрати(ся) няпэўная (гл. Краўчук, ВЯ, 1968 (4), 124), то, магчыма, трэба зыходзіць з шырока вядомай асновы babr‑, bobr‑ і да т. п. (параўн. нават рум. buburúză ’божая кароўка’; падрабязней Краўчук, там жа). Параўн. яшчэ барбуха.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)