Бабіна душыца ’расліна Origanum, Origanum vulgare, мацярдушка’ (Нас., Кіс.), таксама душанка, мацярдушка, мацержанка, мацеранка і г. д. (Кіс.). Рус. души́ца, ду́шка, материнка і г. д., укр. душиця, душинка, духовий цвіт, душниця, материнка, материска (гл. Макавецкі, Sł. botan., 250). Падобныя назвы і ў іншых славян (параўн. серб.-харв. бабина дубчица, боља душица; Сіманавіч, 329). Вельмі часта Origanum мае аднолькавыя назвы з Thymus ’чабор’. Параўн. для апошняга бел. мацярдушка, мацержанка, укр. материдушка, материна душка, материнка і г. д. (Макавецкі, Sł. botan.). Да бел. назваў для Origanum вельмі падобныя серб.-харв. і балг. назвы для Thymus: серб.-харв. душинка, мајчина душица, материнка і асабліва для Thymus serpyllum: бабина душа, бабина душица, бабља душа (душица), бабја душа (душица), бакина душица і г. д. (Сіманавіч, 467–468), балг. бабина душица (БЕР, 1, 23). Параўн. таксама (для Thymus) чэш. mateřídouška, mateří dúška, славац. materina dúška, ст.-польск. macierzą duszka (Махэк, Jména rostl., 202). Новатны (SP (Brno), 13 (A12), 35–36) спасылаецца на лац. (VII ст.) matris animula «Thymus» і лічыць, што назвы тыпу mateřídouška — пераклад з лац. У аснове назвы ляжыць уяўленне (вядомае з фальклору) пра душу памерлай маці, якая вяртаецца да дзяцей у выглядзе кветкі. Можна меркаваць, што і бел. назва для Origanum такога ж паходжання («душа бабулі»). Не вельмі пераконвае думка Даля і Мяркулавай, Очерки, 139–140, што назвы тыпу душица, душка і г. д. — вытворнае ад дух, душистый («пахучая расліна»). Здаецца, што гэта пазнейшая ад’ідэацыя. Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 66.