Мацярду́шка ’расліна Origanum vulgare L.’ (вільн., гродз., брэсц., маг., Кіс.; Маш.); ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench.’ (гродз., маг., Кіс.), ’падбел звычайны, Tussilago farfara L.’ (гродз., Сцяшк.). Назва гэтых раслін перанесена з назвы набору (Thymus serpyllum L.) ⁺мацерына душа (параўн. укр. материнка, материна душка, рус. маткина душа, ст.-польск. macierza duszka, польск. macierduszka, чэш. mateřídouška, ст.-чэш. mateřie dúška, славац. materina dúška, славен. máterna dúšica, серб.-харв. ма́јкина (ма̏терина) ду̀шица, балг. ма̀щер(и)ка — усе яны з’яўляюцца перакладам лац. Matris animula, пададзенага біскупам Ісідорам Севільскім (VI–VII стст.) у кнізе «Origines», які выкарыстаў сюжэт антычнай легенды, у якой расказваецца аб тым, як дзеці-сіроты старанна прыходзілі да матчынай магілы, маці іх стала шкада, і яе душа вярнулася з неба і пасялілася ў дробналістай красцы з прыгожым пахам. Дзеці адразу пазналі душу сваёй маці і назвалі краску мацярдушкай (Махэк₂, 355). Са словазлучэння мацерына душа ў слав. мовах утварыліся намінацыі накшталт бел. мацярынка, мацярыца, польск. macierzanka, чэш. mateřenka і да т. п. (гл. таксама Фасмер, 2, 582; БЕР, 3, 700–701; Махэк, Jména, 202; Урбуціс, Baltistica, 15, 155).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)