Атарапе́ць. Рус. оторопе́ть, укр. оторопі́ти ’тс’, оторопи́ти ’здзівіць, зрабіць аслупянелым’, ст.-рус. оторопъ ’спалох’. Тлумачэнне Шанскага (КЭСРЯ, 318), відаць, дакладна прадстаўляе словаўтваральную гісторыю слова ад *тороп ’спех’. У сувязі з гэтым надзвычай важна, што ў беларускай мове засведчана торап ’спалох, страх’ (Нас.: то́ропъ), адкуль і тарапі́цца ’пужацца’ (пра коней). Ад гэтага торап пры дапамозе цыркумфікса *о‑ — ‑ець і ўтвораны дзеяслоў атарапець.
Ата́рыца ’частка панскай зямлі, засеяная парабкам для сябе’ (Нас., Чач., Гарэц.), ’асабістая даходная праца’ (Мядзв.), ’ралля, прыгатаваная пад пасеў’ (КЭС). У блізкім значэнні слова выкарыстоўваецца ў «Рускай праўдзе» (Сразн.): отарица. Спрэчна. Карскі (Труды, 391) лічыць запазычаннем з літ. ãtaras ’баразна з краю нівы’. Карскі супраць сувязі з дзеясловам араць, таму што ў гэтым выпадку чакалася б *аторыца (параўн. атор(а)). Урбуціс (Baltistica V (1), 1969, 48) лічыць, што бел. атарыца ўтворана ад атара (гл.) ’гурт авечак’ і ’зямельнае ўгоддзе’. Значэнне атарыца ’пасаг’, у тым ліку ’жывёла, што даецца як пасаг’ (Мат. дыял. канф., 77), укр. дыял. палес. атарица ’пасаг’ указвае на магчымасць іменна такога (ад атара) паходжання слова.
Атачы́ць ’акружыць’ (Гарэц.). У рускай пашырана на захадзе, укр. оточити, польск. otoczyć ’тс’, чэш. otočiti, славац. otočiť ’акружыць, павярнуць, пакрыць, абвязаць’, славен. otočati ’акружаць’. Дзеяслоў точити засведчаны ў ст.-рус. у значэнні ’гнаць, ездзіць’, аналагічныя значэнні вядомыя сучаснай чэшскай і славацкай мовам, дзе таксама дзеяслоў točiti ўказвае на вакольны, кругавы рух, паварот. Гэта значэнне і было, відаць, першасным для пашыранага цяпер у шэрагу славянскіх моў значэння слова атачыць ’акружыць’. Улічваючы адзінкавасць беларускага прыкладу, можна меркаваць пра яго запазычаны (відаць, з польскай) характар.
Аташэ́ ’спецыяліст-кансультант пры пасольстве’. Новае (XX ст.) запазычанне з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 78), дзе з франц. attaché (Курс суч., 166) у сярэдзіне XIX ст. (Шанскі, 1, А, 173).
Атаяса́міць ’прызнаць такім жа, аднолькавым’. Складаны дзеяслоў, утвораны са спалучэння той самы пры дапамозе цыркумфікса а‑ — ‑іць.