Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Турлы́каць ‘мармытаць’ (Мат. Гом.), турлы́чыць ‘бубніць’ (чач., ЖНС), ‘неразборліва гаварыць’ (Юрч., Мат. Гом.), ‘гаварыць пустое’ (Сцяшк. Сл.), ‘спяваць (пра жаўрука)’ (Юрч.). Параўн. укр. дыял. турли́кати ‘павольна ехаць, ісці’, рус. турлы́кать ‘буркаваць, квакаць; прысоўваць, шумець’, польск. дыял. turlikać ‘звінець, брынчаць’. Гукапераймальнае ўтварэнне, генетычна звязанае з папярэднім (Фасмер, 4, 124; ЕСУМ, 5, 682; Праабражэнскі, 2, 20). Сюды ж турлы́чка ‘разумова адсталая асоба з неразвітай мовай’ (Юрч. Вытв.), турлы́чык ‘разумова абмежаваны чалавек, звычайна дзіця’ (Юрч. СНЛ); турлы́чыньне ‘неразборлівая гаворка’, ‘спеў жаваранка’ (Юрч.); турлы́чыньнік ‘той, хто гаворыць невыразна’ (Юрч. СНЛ). Параўн. з палаталізаваным цюрлюва́ць ‘спяваць (пра спеў жаваранка)’ (ТС), гл.

Турлю́дзіць ‘балбатаць надакучліва’ (мсцісл., З нар. сл.), ‘гаварыць лухту’ (Мат. Маг.). У выніку метатэзы з трылюдзіць ‘тс’, магчыма, пад уплывам папярэдніх слоў, гл трылу́дзіць.

Турля́цца ‘штурхацца, піхацца’ (Жд. 3, ТС). Параўн. укр. турля́ці ‘піхаць, ганяць’, рус. турля́ться ‘кідацца, піхацца’, польск. turlać sie ‘куляцца’, мажліва, сюды і славен. turláti ‘праколваць, пранізваць’, адносна якога Сной (Бязлай, 4, 250) сцвярджае: «вакалізм славянскага кораня няясны, мажліва, экспрэсіўны». Вытворнае ад гукапераймальнага па паходжанні турліць, гл. Польск. turlać разглядаюць як варыянт tulać ‘каціць, куляць’ (Варш. сл.). Сюды ж турля́жка ‘тачка, вазок на двух колах вазіць зямлю’ (Ласт.).

Ту́рма, ту́рам, турʼю ‘гонячы’, ‘бегучы’ (Нас., Гарэц.). Дзеепрыслоўі ад туры́ць ‘гнаць’ (гл.) па ўзоры бе́гма (< бегчы), бяго́м, ры́ссю.

Турма́ ‘месца зняволення, астрог, вязніца, цямніца’, ‘знаходжанне ў зняволенні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Брасл. сл., Бяльк., Федар. 4; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.), ст.-бел. турма (1377 г.) і тюрма ‘турма’ (1528 г., ГСБМ). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 35), старабеларускае слова было запазычана праз польскае пасрэдніцтва з ням. Turm, дакладней, з с.-в.-ням. turm са ст.-франц. *torn < лац. turrim В. скл., якое са ст.-грэч. τύρρις, τύρσις ‘умацаваны горад’, ‘дом з каменнымі сценамі’ (Фасмер, 4, 137), параўн. у беларускім ідышы turèm ‘вежа’, turme ‘вязніца, засценак, турма’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Аднак пры гэтым цяжка растлумачыць мяккае пачатковае т‑ у рэдкай старабеларускай форме, што пазней фіксуецца ў народных гаворках у выглядзе тʼурма́ (Вруб.), цюрма́ (гл.), якія, мажліва, пад уплывам рус. тюрьма́ ‘тс’. Меркаванні пра паходжанне са ст.-цюрк. *türmä ‘турма’ гл. Менгес, Language, 20, 2, 69; Арол, 4, 129. Кохман (Studia, 30) дапускае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні з нямецкай мовы пры ўмове адаптацыі на ўсходзе (палаталізацыя), чаму пярэчаць па храналагічных прычынах Чарных (2, 277–279) і Гарбуль (246–247), спасылаючыся на больш раннія фіксацыі ў летапісных крыніцах з Пскова і Ноўгарада; параўн. і рус. арханг. турма́ (СРНГ). Сюды ж турэ́мнік ‘зняволены ў турме’, ‘астрожнік’ (Сцяшк.), турэ́мшчык ‘арыштант’ (Бел. дыял. 3).

Ту́рман1 ‘голуб асобай пароды, які куляецца пры палёце’ (ТСБМ). Укр. ту́рман ‘тс’, рус. ту́рман ‘тс’. Цёмнае слова. Як здаецца, пэўныя падставы мае думка Фасмера (4, 124) пра гукапераймальнае паходжанне слова, параўн. рус. пск. дать ту́рмана ‘ўпасці, паляцець уніз галавой, перакуліцца’ (1858 г., СРНГ) пры тури́ть ‘кідаць з вышыні’ (гл. турнуць). Аднак большасць даследчыкаў схіляецца да ўтварэння на базе французскага дзеепрыметніка tournant ‘які абарачаецца, круціцца’ (паводле Гараева, 380: франц. tourner ‘вярцець’), гл. ЕСУМ, 5, 683; Арол, 4, 119. Ідэя перакульвання пры найменні гэтага голуба пераважае, параўн. англійскую назву бірмінгемскіх ролераў roller ад roll ‘вярцецца, катацца’, roll over ‘перакульвацца’. Паводле Сетарава (Тюрк. лекс. элем., 39), назва птушкі — цюркізм.

Ту́рман2 (ту́рмын) ‘дурань, неразвіты чалавек’ (Юрч. Фраз.), ‘дурыла, тупіца’ (мсцісл., З нар. сл.). Няясна. Параўн. польск. дыял. turman ‘дрэнь, нягоднік, марнатраўца’, turmanić ‘марнатравіць, нішчыць’, якія, відаць, ад turma ‘группа, натоўп, вайскоўцы’ (< лац. turma ‘найменшы атрад конніцы ў Старажытным Рыме’), гл. Варш. сл., 7, 171; Брукнер, 585. Аднак па лінгвагеаграфічных прычынах запазычанне менш верагоднае, чым мясцовы наватвор. Параўн. ду́рман ‘дурань’ (ТС), дурмана́й ‘тс’ (Сл. ПЗБ) як магчымыя зыходныя “звонкія” варыянты слова, утвораныя пры дапамозе суф. ‑ман; звязана з дурны́ (гл.).

Ту́рмас ‘рэдзька’ (Сцяшк. Сл.), ту́рмус ‘турнэпс’ (навагр., Жыв. сл., Васільковая сп.). Лічыцца сапсаванай назвай турнэпс (гл.), параўн. турне́пс, турнэт ‘тс’ (Сл. ПЗБ.). Аднак здзіўляе падабенства з аддаленымі геаграфічна назвамі асм. тур. turma ‘рэпа’, тат. torma ‘рэдзька’; венг. torma ‘хрэн’, з якіх выводзяць харв. turma, turman ‘хрэн’ (Скок, 3, 485), славен. tȗrman ‘тс’ (Сной у Бязлай, 4, 250). Магчыма, пранікненне праз мову беларускіх татараў-гароднікаў? Параўн. напоўненую «ўсходнімі элементамі» лічылку: Шалды‑балды, / Бушмак — барада́, / Выйдзі вон з гарада́. / Турмас! (бялын., Дзіц. фальк.).

Турмасі́на ‘мітусня’ (дзятл., Сл. рэг. лекс.). Да тармасі́ць (гл.).

Турма́чыць ‘задурваць’ (Юрч. СНС). Не зусім ясна. Бліжэйшую крыніцу паходжання дзеяслова можна бачыць у рус. курск. турма́к — пра бесталковага чалавека (фіксацыя 1852 г., СРНГ), далейшыя сувязі не вызначаны. Параўн. турман2.

Турнава́ць ‘турбаваць, непакоіць’ (докш., Бел. дыял. 2). Няясна; мажліва, да турнуць ці з сапсаванага турбаваць (гл.).

Турні́к ‘гімнастычная перакладзіна, умацаваная на дзвюх стойках’ (ТСБМ, Баршч.). Запазычана з рус. турни́к ‘тс’, утворанага з турникет (гл.) у пачатку XX ст. Першапачаткова ўзнікла ў цыркачоў, абазначаючы практыкаванне на гэтым гімнастычным снарадзе (Чарных, 2, 272–273; ЕСУМ, 5, 683; Арол, 4, 120).