Турбава́ць (турбува́ць, турбова́ць) ‘праяўляць клопат, непакоіць, хваляваць, трывожыць, не даваць спакою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 3), турбава́цца, турбува́цца, турбова́цца, турбова́тыса, турбова́тысь ‘клапаціцца’ (ЛА, 3, Сержп. Прымхі, Некр. і Байк., Растарг., Варл.). Паводле Я. Станкевіча, “польскі барбарызм” (Зб. тв., 2, 170) замест беларускага рупіцца або клапаціцца. Ст.-бел. турбация, турбацыя ‘парушэнне спакою’ (1600 г.), турбовати (торбовати) ‘непакоіць’ (1507 г., ГСБМ) праз ст.-польск. turbacja, turbować ‘тс’ запазычаны з лац. turbātio ‘замяшанне’, ‘мяцеж’, turbāre ‘хваляваць, трывожыць, раз’ядноўваць’ < turba ‘бязладдзе’, ‘замяшанне’, ‘сварка’, turbō ‘вір’ (Брукнер, 585; Булыка, Лекс. запазыч., 41; ЕСУМ, 5, 679). Сюды ж турба́ца ‘турбота’ (Шат.), турба́цʼя (turbácja) ‘клопат’ (Федар. 4), турбацца ‘тс’ (Сержп. Прымхі), турба́цыя ‘турботы, клопат, ‘непакой’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Сцяц., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Нік., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Абабур.; дзярж., Нар. сл.; шальч., Сл. ПЗБ), ‘клопаты па справах’ (Нік., Оч.), турбава́нне, турбо́та ‘заклапочанасць чым-небудзь, неадольнае жаданне ажыццявіць што-небудзь’, ‘пастаянная руплівасць’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр.; віл., Сл. ПЗБ), турбо́ты ‘цяжкасць’ (Ласт.), ‘клапатлівасць, захады’ (Варл.), турбо́тны ‘заклапочаны’ (Гарэц.), ‘клапатлівы’ (баран., гом., ЛА, 3), турбо́тлівы ‘тс’ (Байк. і Некр.; баран., гом., ЛА, 3, Нар. Гом.), турба́вы ‘клапотны’ (Жд. 3), турбані́на ‘клопат, турбота’ (шальч., Сл. ПЗБ), турбо́ваны і турбава́ны ‘заклапочаны’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)