Ру́піцца ’старацца, клапаціцца, турбавацца пра каго-небудзь’, ’хацецца’ (ТСБМ), ру́піць ’трывожыць, выклікаць неспакой’, ’цягнуць, прыцягваць’ (дзярж., Нар. сл.), ’турбаваць неадвязна’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Укр. ру́пити ’быць жаданым’, рус. дыял. ру́па ’туга па радзіме’, ру́пить ’цягнуць, хацецца’, ’трывожыць’, польск. rupie się ’старацца’, кашуб. rúpic ’цягнуць, спакушаць, вабіць; мець апетыт’, чэш. rupati, rupěti ’хрумсцець, шчоўкаць’, балг. дыял. рупа́я ’патрабаваць сілай, мучыць, турбаваць’. Прынята лічыць роднасным да літ. rūpė́ti ’трывожыць’, лат. rũpêt ’засмучаць’, літ. raupýti ’тс’, ’рыць’, англ.-сакс. réofan ’ламаць, рваць’, ст.-інд. rōpayati ’адчуваць ламоту’ (Фасмер, 3, 519). Паводле іншага меркавання, чэшскія rupati, rupěti стаяць асобна, а ўсходнеславянскія словы з’яўляюцца балтызмамі, параўн. літ. rūpė́ti ’трывожыць, заклапочваць’, rū́pinti ’клапаціць’, гл. спецыяльна Анікін, Опыт, 270–271 з літ-рай; аднак балгарскія факты (гл. БЕР, 347) сведчаць хутчэй пра генетычную сувязь. Борысь (SEK, 4, 221) следам за Слаўскім (SP, 1, 81) рэканструюе прасл. *rupiti ’грызці, кусаць, гнясці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)