Ту́рма, ту́рам, турʼю ‘гонячы’, ‘бегучы’ (Нас., Гарэц.). Дзеепрыслоўі ад туры́ць ‘гнаць’ (гл.) па ўзоры бе́гма (< бегчы), бяго́м, ры́ссю.
Турма́ ‘месца зняволення, астрог, вязніца, цямніца’, ‘знаходжанне ў зняволенні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Брасл. сл., Бяльк., Федар. 4; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.), ст.-бел. турма (1377 г.) і тюрма ‘турма’ (1528 г., ГСБМ). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 35), старабеларускае слова было запазычана праз польскае пасрэдніцтва з ням. Turm, дакладней, з с.-в.-ням. turm са ст.-франц. *torn < лац. turrim В. скл., якое са ст.-грэч. τύρρις, τύρσις ‘умацаваны горад’, ‘дом з каменнымі сценамі’ (Фасмер, 4, 137), параўн. у беларускім ідышы turèm ‘вежа’, turme ‘вязніца, засценак, турма’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Аднак пры гэтым цяжка растлумачыць мяккае пачатковае т‑ у рэдкай старабеларускай форме, што пазней фіксуецца ў народных гаворках у выглядзе тʼурма́ (Вруб.), цюрма́ (гл.), якія, мажліва, пад уплывам рус. тюрьма́ ‘тс’. Меркаванні пра паходжанне са ст.-цюрк. *türmä ‘турма’ гл. Менгес, Language, 20, 2, 69; Арол, 4, 129. Кохман (Studia, 30) дапускае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні з нямецкай мовы пры ўмове адаптацыі на ўсходзе (палаталізацыя), чаму пярэчаць па храналагічных прычынах Чарных (2, 277–279) і Гарбуль (246–247), спасылаючыся на больш раннія фіксацыі ў летапісных крыніцах з Пскова і Ноўгарада; параўн. і рус. арханг. турма́ (СРНГ). Сюды ж турэ́мнік ‘зняволены ў турме’, ‘астрожнік’ (Сцяшк.), турэ́мшчык ‘арыштант’ (Бел. дыял. 3).