Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Турава́ць ‘выконваць другую партыю пры спяванні або ігры’ (ТСБМ), ‘акампаніраваць’ (Шат.). З польск. wtórować ‘уторыць’, гл. утараваць.

Тураве́й ‘неразвіты чалавек’, ‘шчодры чалавек’, тураве́йчык ‘неразвіты хлапчук’ (Юрч. СНЛ). Няясна, магчыма, звязана з наступным словам са значэннем ‘падганяць’.

Тураві́ць ‘панукваць, падганяць (каня)’ (Касп., Др.-Падб.; рас., Шатал.), ‘прыспешваць, падганяць’ (Ласт.; мёрск., Нар. сл.), тураві́цца ‘спяшацца’ (в.-дзв., рас., Шатал., Рэг. сл. Віц., Сл. ПЗБ), ‘тс’, ‘шавяліцца’ (мёрск., Нар. сл.), турава́цца ‘імкнуцца, кіравацца’ (Гарэц., Др.-Падб.), турава́нне ‘падганянне, пануканне’ (в.-дзв., Шатал.). Параўн. рус. дыял. ту́ровить ‘падганяць, прыспешваць’, туро́вить ‘тс’, польск. дыял. turovać ‘напіраць, націскаць’. Гл. тура́ць, туры́ць.

Ту́рак1 ‘жыхар Турцыі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Зайка Кос.), ту́рок ‘тс’ (ТС, Вруб.), ‘Турцыя, Турэччына’: немца, турка ваяваць (Карскі 2-3, 397), ту́ркі ‘тс’: Куды цябе мамка аддае: / Ці ў туркі, ці ў татары (барыс., Песні сямі вёсак), ту́рак ‘упарты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом., Зайка Кос.), ту́рок ‘чалавек з разумовымі недахопамі’ (ТС), ту́рык ‘дурань’ (Юрч. Вытв.), ст.-бел. турокъ (1480 г.), турчинъ, турчынъ (1499 г.) ‘жыхар Турцыі’ (ГСБМ). Параўн. укр. ту́рок, рус. ту́рок, стараж.-рус. турокъ (XV ст.). Запазычанне з тур. türk ‘турак, цюрак’, звязанае (паводле ЕСУМ, 5, 682) з türk ‘грубы, жорсткі, разбойніцкі’, уйг. türk ‘сіла; моцны’, чагат. ‘жорсткі, храбры’, якія зводзяцца да ст.-цюрк. türk ‘цюркская дынастыя’, якую кітайцы называлі Tu‑küz ці Ту‑кю (Фасмер, 4, 125). Запазычанне адсылаецца і да манг. türkün ‘бацькі і родзічы замужняй жанчыны’. Гл. таксама Фасмер (4, 83–84). Сюды ж турча́нка ‘жанчына турэцкай нацыянальнасці’ (ТСБМ), Турэ́ччына ‘Турцыя’; Турцыя — са ст.-польск. Turcja, якое з новалац. Turcia, гэтаксама прыметнік турэцкі са ст.-польск. turecki < Turek ‘турак’ (Фасмер, 4, 126); ту́рка ‘турак’ (Байк. і Некр.), турэцкі баго́н — нейкая расліна (ТС), турэцкіе агуркі — бальшые і доўгіе (Ян.), турэцкі рамонак ‘рамонак пахучы, Matricaria matricarioides (L.)’ (лельч., Нар. лекс.).

Ту́рак2 ‘бубны (масць у картах)’: бубен, або званок, або турак (Наша Ніва, 2002, 15 лют.). Відавочна, адпавядае польск. turek ‘чырвоная кветка’ на базе колеру бубновай карты або значэння ‘палявая кветка’, што можа атаясамлівацца са званочкам (Варш. сл.), дакладней — з контурам кветкі «званковай» (бубновай) карты. Сувязь з Turek ‘турак’ застаецца няяснай.

Ту́рак3 ‘грыб курачка, Rozites casperata (Fr.) P. Karsten’ (кам., маладз., смаляв., Сярж.–Яшк.). Заходняя лакалізацыя назвы сведчыць пра магчымае запазычанне польск. turek ‘від грыба з вялікай апушанай шапачкай арэхападобнай формы пясчанага колеру’ (Варш. сл.). Мяркуецца, што грыб нагадвае турэцкі галаўны ўбор, адсюль зыходнае Turek, гл. турак1.

Тура́ць, туря́ць ‘ганяць’ (Нас., Юрч. Вытв.; чач., ЖНС, Бяльк.), ‘часта пасылаць’: сюды‑туды тураюць аднаго мяне за каждым дзедам (Нас.), ‘насіць, калыхаць на руках’ (Сцяшк. Сл.), тура́цца ‘ганяцца’ (чач., Жыв. НС), туря́цца ‘тс’ (Юрч. Вытв.). Гл. турыць.

Тура́я ‘здаровая, дзябёлая жанчына або дзяўчына’ (Стома Сл.). Няясна. Нагадвае словаўтваральны варыянт туры́ца1 ‘дзябёлая, мажная жанчына’ (Нас.), гл. Меркаванні пра ўтварэнне ад літ. turė́ti ‘мець, валодаць, трымаць, заключаць у сабе’ пры дапамозе суф. ‑a‑ja‑, параўн. туляя́ ‘гультайка’, меляя́ ‘пустамеля’, цера́я ‘тая, хто трэ лён’, верзяя́ ‘пляткарка’, гл. Саўка, Запісы, 23, патрабуюць дадатковай аргументацыі.

Турбава́ць (турбува́ць, турбова́ць) ‘праяўляць клопат, непакоіць, хваляваць, трывожыць, не даваць спакою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 3), турбава́цца, турбува́цца, турбова́цца, турбова́тыса, турбова́тысь ‘клапаціцца’ (ЛА, 3, Сержп. Прымхі, Некр. і Байк., Растарг., Варл.). Паводле Я. Станкевіча, “польскі барбарызм” (Зб. тв., 2, 170) замест беларускага рупіцца або клапаціцца. Ст.-бел. турбация, турбацыя ‘парушэнне спакою’ (1600 г.), турбовати (торбовати) ‘непакоіць’ (1507 г., ГСБМ) праз ст.-польск. turbacja, turbować ‘тс’ запазычаны з лац. turbātio ‘замяшанне’, ‘мяцеж’, turbāre ‘хваляваць, трывожыць, раз’ядноўваць’ < turba ‘бязладдзе’, ‘замяшанне’, ‘сварка’, turbō ‘вір’ (Брукнер, 585; Булыка, Лекс. запазыч., 41; ЕСУМ, 5, 679). Сюды ж турба́ца ‘турбота’ (Шат.), турба́цʼя (turbácja) ‘клопат’ (Федар. 4), турбацца ‘тс’ (Сержп. Прымхі), турба́цыя ‘турботы, клопат, ‘непакой’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Сцяц., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Нік., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Абабур.; дзярж., Нар. сл.; шальч., Сл. ПЗБ), ‘клопаты па справах’ (Нік., Оч.), турбава́нне, турбо́та ‘заклапочанасць чым-небудзь, неадольнае жаданне ажыццявіць што-небудзь’, ‘пастаянная руплівасць’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр.; віл., Сл. ПЗБ), турбо́ты ‘цяжкасць’ (Ласт.), ‘клапатлівасць, захады’ (Варл.), турбо́тны ‘заклапочаны’ (Гарэц.), ‘клапатлівы’ (баран., гом., ЛА, 3), турбо́тлівы ‘тс’ (Байк. і Некр.; баран., гом., ЛА, 3, Нар. Гом.), турба́вы ‘клапотны’ (Жд. 3), турбані́на ‘клопат, турбота’ (шальч., Сл. ПЗБ), турбо́ваны і турбава́ны ‘заклапочаны’ (Байк. і Некр.).

*Турбаві́нка, турбові́нка ‘сцяблінка’ (лельч., Жыв. сл.), ‘сцяблінка ў памідорах’ (ПСл). Няясна.

Турба́н1 ‘музычны інструмент тэорба’ (Нас.). Відаць, праз польск. tyorba, teorban ‘вялікая лютня’ з франц. théorbe, téorbe, tuorbe ‘тс’, італ. tiorba ‘тс’. Гл. тарба́н.

Турба́н2 ‘усходні галаўны ўбор, палотнішча, абматанае вакол галавы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Вруб.). Праз польск. turban ‘тс’, якое (магчыма, праз франц. turban) з тур. tülbend ‘муслін’ < перс. dülbänd ‘тканіна з крапівы’ (SWO, 1980, 783; Фасмер, 4, 136; Арол, 4, 129).

Турбі́на ‘рухавік, які выкарыстоўвае рух вады, пары ці газу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘вялікае кола ў вадзяным млыне’ (Скарбы₂). Праз рус. турби́на ці польск. turbina ‘вярчальны рухавік’ з франц. turbine ‘тс’ (Арол, 4, 118 — з ням. Turbine), якое штучна было ўтворана на аснове формы Р. скл. turbinis (SWO, 1980, 783; ЕСУМ, 5, 679) ад лац. turbō ‘вір, віхор, віхура, бура, вярчэнне’ ці turbineus ‘віхравы’, роднасных ст.-грэч. τύρβη ‘бязладдзе’, лац. turba ‘сумятня, натоўп’ (Чарных, 2, 272; Даза, 732).