Туры́ца1 ‘дзікая карова’; ‘рослая, дужая дамашняя карова’, перан. ‘мажная, здаровая жанчына’ (Нас.), ту́рыца ‘карова’: пайду́ ту́рыцу заганяць (Рэг. сл. Віц.), туры́ця фалькл. ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ). Насовіч (644) лічыў назву вытворнай ад тур ‘дзікі вол’ (гл. тур1), параўн. укр. тури́ца ‘самка тура’, рус. фалькл. тури́ца ‘эпітэт свахі’, польск. turzyca ‘шэрсць на некаторых жывёлах’, ‘вясенняя ўрачыстасць’, харв. дубр. ту̀рица ‘карнавальная маска на Грамніцы’, адносна апошняга Вук Караджыч дапускае сувязь з назвай бога вайны Тура (Сабр. дела, 17, 166); славац. Turice ‘Сёмуха’ Вайтыла-Свяжоўска (Зб. Слаўскаму, 481) лічыць плюралізаванай формай з суф. ‑ica ад прыметніка *turьjь ‘тураў, які датычыць тура’; паводле Краліка (634), назва паганскага свята прыходу вясны або лета, прысвечанага зверу, які сімвалізуе сілы прыроды.

Туры́ца2 ‘шабельнік балотны, Comarum palustre L.’ (бяроз., Нар. лекс.), туры́ця ‘тс’ (драг., Бел. дыял. 1), туры́ца ‘шляз, Aithaea officinalis L.’ (лун., Арх. Вяр.), туры́ца (травы) (Сержп. Грам.): ад крываўкі добрэ піць настой у гарэлцы карэння турыцы (Сержп. Прымхі), туры́ца, туры́ця ‘вадаперыца, вадзяны кураслеп, Hottonia palustris L.’ (ганц., драг., Сл. ПЗБ). Няясна; назва аб’ядноўвае розныя расліны, пераважна балотныя, фармальна звязаныя з тур1, турыца1, аднак матывацыя застаецца да канца не высветленай, параўн. укр. тури́ця ‘асака, Carex L.’, польск. turzyca ‘тс’, серб., харв. ту́рица ‘павіліца, Galium L.; панікніца, Geum L.’. Аўтары ЕСУМ (5, 680–681), спасылаючыся на польск. turza trawa, turzowa trawa ‘асака’, лічаць, што з-за сваёй жорсткасці яна магла быць кормам толькі для такіх буйных жывёл, як тур або зубр, параўн. польск. turówka ‘зуброўка’; перанос назвы на іншыя расліны мае іншую матывацыю (магчыма, колер травы, падобны да поўсці звяроў, як паказчык эфектыўнасці ўздзеяння пры лячэнні і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)