Турэ́цкі ‘які мае адносіны да Турцыі або яе жыхароў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), туре́цʼкі ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. турецкий, турецский, туречкий ‘тс’ (1565–1566 гг.), ‘састаўная частка некаторых батанічных назваў’ (1599 г., ГСБМ), у пераносных значэннях таксама ‘чужы, незнаёмы’: Я адну дачку маю — / Тую замуж аддаю / Да ў турэцкую зямлю (бешанк., Песні нар. свят), ‘чужаземны’: turéckʼiĭe ôrýexi ‘грэцкія (валоскія) арэхі’ (лун., Арх. Вяр.), часам у значэнні ‘дзікі, непрыемны, шкодны’: турэ́цкі баго́н ‘нейкая расліна, падобная на багон’ (ТС), або, наадварот, турэ́цкі рамо́нак ‘рамонак пахучы’ (лельч., Нар. лекс.), гл. спецыяльна пра ўжыванне т. зв. ксенонімаў Беразовіч, Язык и традиционная культура, 433–436 і інш. Ва ўсходнеславянскіх мовах лічыцца запазычаннем з польск. turecki (вытворнае ад Turek ‘турак’), як і сама назва краіны Турцыя (польск. Turcja з новалац. Turcia), гл. Фасмер, 4, 126; Гарбуль, Семант. полонизмы, 184; Арол, 4, 119; відавочна, пранікненне праз старабеларускую мову (Золтан, SSlav., 34, 1–4, 113–116). Аўтары ЕСУМ (5, 683) дапускаюць утварэнне непасрэдна ад ту́рки (< *турец), як і Туреччина, турьський, што да тур. Türk ‘турак, цюрак’, параўн. і ст.-бел. турский ‘турэцкі’ (1516 г., ГСБМ). Параўн. туркі-баркі, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)