Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сквера́ч ‘івалга’ (ТС). Да сквярціся (гл.).

Скверашча́ць ‘туркацець, выдаваць траскучы гук’ (Нас., Байк. і Некр.), сквярашча́ць ‘капрызнічаць, плакаць’ (Сцяшк.). Дзеяслоў суадносны з назоўнікам сквера(с)т ‘крык жабы; лаянка’ (Нас.), параўн. укр. скве́ресть, сквереща́ти ‘тс’, суфіксацыя характарызуе інтэнсіўнасць дзеяння, у аснове якога гукапераймальны корань *skvьr‑, гл. наступнае слова.

Скве́рня ‘смурод, гразь, брыдота’, скверната́ ‘нечыстата’, скверня́вый ‘брыдкі, гразны’ (Нас.), сквірна́, мн. л. сквярны́ ‘нагар, бруд на кноце лямпы’ (Варл.), ст.-бел. скверныи ‘брудны’ (Альтбаўэр). Укр. скве́рна, скве́рный, рус. царк. скве́рна; скве́рный, стараж.-рус. сквьрна ‘агіднасць, брыдота’, сквьрнъ ‘брыдкі’, чэш., славац. skvrna ‘пляма’, славен. skvȓna, skrȗna ‘агіднасць’, ст.-слав. скврьна, сквръна. Прасл. *skvьrna, *skvьrnъ. Набліжэнне да рус. скаред, польск. szkarada ‘агіднасць, брыдота’, грэч. σκῶρ, οκατός ‘гной, адкіды’ на аснове блізкасці значэнняў Фасмер (3, 637) лічыць сумніўным з-за наяўнасці ‑v‑. Сной₁ (576) выводзіць ад *skveriti (гл. скварыць) ‘растопліваць тлушч’ з першасным значэннем ‘замаслены, тлусты’. Паводле Махэка₂ (311), роднаснае з чэш. дыял., славац. kvariť, укр. ква́рити, серб.-харв., славен. kvariti ‘псаваць’, што падтрымлівае Мяркулава (Этимология–1982, 43 і наст.), ўзнаўляючы прасл. *skvьrěti ‘гніць’, якое сумесна з *skvьriti утвараюць адно этымалагічнае гняздо.

Скве́рыць ‘пячы (пра холад, мароз)’ (Адм.). Да гукапераймальнага *skvьr‑, гл. сквярціся ‘трашчаць, сычаць’, параўн. траскучы , трашчаць (пра мароз), гл.

Сквіл ‘пранізлівы крык, лямант’ (Нас., Гарэц., Яруш., Байк. і Некр.), ‘віск’ (Юрч.), ‘жаласны піск, лямант’ (Др.-Падб.), скві́ла ‘спрэчка’ (Нас.), скві́ліць ‘пішчаць пранізліва і жаласна’ (Др.-Падб.). Гл. квяліць.

Сквярста́, сквярсты́, свірста́, сквярсту́ля, сквірстуны́, скверты́, скарсту́лі ‘частаванне з выпадку заколвання кабана’, ‘свежаніна’ (Сл. ПЗБ). З літ. skerstúves ‘тс’ (там жа). Непакупны (Пр. бел. філ., 91) арэал слоў дэфінуе як браслаўска-ашмянскі і прыводзіць у якасці сіноніма пагалоўшчына ‘тс’. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) адносіць слова да балтызмаў, паходжанне якіх недастаткова аргументавана, што, відаць, было абумоўлена недахопам дыялектнага матэрыялу ў час укладання слоўніка.

Сквярці́ся ‘верашчаць, трашчаць, стракатаць, сквірчэць’, ‘нудна плакаць, вішчаць, пішчаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 3, Сл. ПЗБ): скверыцца як рапуха, чого ён там скверыцца? (Сержп. Прык.), сквярэцца жывое мясо (Сержп. Прымхі); скверці́са, шкве́рціса ‘тс’ (ТС), сквірчэ́ць ‘тс’ (ТСБМ, Ласт.); saróka skwirczýč (Пятк. 2), сквірэ́ць, сквірчэ́ць ‘аб сале і марозе’ (Шат.), скве́рыцца ‘плакаць і капрызіць’ (Шат.), ‘слаба гарэць’: не гарыць, а скверэцца (Сержп. Прык.), скве́рсца ‘скварыцца (пра сала)’, ‘утвараць рэзкія гукі (пра жаб)’, ‘плакаць, хныкаць’ (Юрч.), жаба сквярэ́цца (полац., ДАБМ, камент., 895), скве́рцца ‘гаварыць рыпучым голасам’ (Юрч. Вытв.), скве́рцісі ‘капрызіць, плакаць’ (кліч., Жыв. сл.). Укр. дыял. сквири́тися ‘плакаць, пішчаць’, сквирча́ти ‘трашчаць, сычэць’, рус. бранск. скве́рться ‘плакаць пранізлівым голасам (аб дзіцяці)’, смал. ‘пранізліва пішчаць (пра птушак)’, польск. skwierczeć ‘трашчаць, стракатаць, пішчаць’, славац. skvrkať ‘бурчаць (у жываце)’, серб.-харв. сквр́чати. Іншая ступень чаргавання ў скварэц (гл.). Гукапераймальны корань skvьr‑ (Праабражэнскі, 2, 296; Фасмер, 3, 637), варыянт *skverk‑ (Скок, 1, 284). Параўн. скварыць і скверашчаць.

Скелз ‘адхон, скос’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.). Метатэза е і л у склез (гл.) або вычляненне назоўніка з прыслоўя польск. skiełzem ‘крыва, у бок’, якое ад ст.-польск. skiełznąć się ‘выслізнуцца, саслізнуцца’, параўн. Карскі, Белорусы, 149; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 71. Сюды ж ске́лзы ‘цуглі’ (Ласт.), ске́лзаць ‘зацугляць’ (Сцяшк. Сл.), вытворныя ад ке́лзаць (гл.), для якіх Карскі (Белорусы, 145) дапускаў вывядзенне з польск. kieł ‘кол’, што вельмі сумніўна. Польск. kiełzać ‘слізгацца’ роднаснае коўзацца, гл.

Скем ‘двое козлаў для змацавання склееных дошак пры працы’ (Шат.), скем, шкем ‘лісіцы (сціскаючае прыстасаванне)’ (ТС). Звязанае чаргаваннем галосных з скамы (гл.), што ўзыходзіць да *(s)koměti ‘ціснуць; балець, ныць’ (Варбат, Этимология–1973, 28). Падрабязней гл. Цыхун, БЛ, 59, 116–118. Адносна праблематыкі захавання ск перад е гл. скяпа́ць. Сюды ж ске́мка ‘палка, расшчэпленая на канцы, ляшчотка’ (мядз., Нар. словатв.), ске́мчык ‘станок для ткання паясоў’ (іўеў., Сл. ПЗБ).

Скемены́ ‘зеў (у кроснах)’ (ігн., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, з літ. skíemenys ‘тс’.