Скве́рня ‘смурод, гразь, брыдота’, скверната́ ‘нечыстата’, скверня́вый ‘брыдкі, гразны’ (Нас.), сквірна́, мн. л. сквярны́ ‘нагар, бруд на кноце лямпы’ (Варл.), ст.-бел. скверныи ‘брудны’ (Альтбаўэр). Укр. скве́рна, скве́рный, рус. царк. скве́рна; скве́рный, стараж.-рус. сквьрна ‘агіднасць, брыдота’, сквьрнъ ‘брыдкі’, чэш., славац. skvrna ‘пляма’, славен. skvȓna, skrȗna ‘агіднасць’, ст.-слав. скврьна, сквръна. Прасл. *skvьrna, *skvьrnъ. Набліжэнне да рус. скаред, польск. szkarada ‘агіднасць, брыдота’, грэч. σκῶρ, οκατός ‘гной, адкіды’ на аснове блізкасці значэнняў Фасмер (3, 637) лічыць сумніўным з-за наяўнасці ‑v‑. Сной₁ (576) выводзіць ад *skveriti (гл. скварыць) ‘растопліваць тлушч’ з першасным значэннем ‘замаслены, тлусты’. Паводле Махэка₂ (311), роднаснае з чэш. дыял., славац. kvariť, укр. ква́рити, серб.-харв., славен. kvariti ‘псаваць’, што падтрымлівае Мяркулава (Этимология–1982, 43 і наст.), ўзнаўляючы прасл. *skvьrěti ‘гніць’, якое сумесна з *skvьriti утвараюць адно этымалагічнае гняздо.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)